2012-01-27 12:42:39

Бэнэдыкт XVI: без веры экуменізм становіцца “сацыяльным пагадненнем”


27 студзеня Бэнэдыкт XVI сустрэўся з членамі Кангрэгацыі Веравучэння з нагоды пленарнай сесіі гэтай дыкастэрыі, якая праходзіць на тэму хрысціянскага адзінства. У сваёй прамове да членаў Кангрэгацыі Папа адзначыў, што сёння Касцёл стаіць перад выклікам, звязаным з крызісам веры і стратай пачуцця рэлігійнасці ў грамадствах, таму яго місія заключаецца ў тым, каб “зрабіць Бога зноў прысутным у гэтым свеце і запаліць людзей верай”. “Тэма хрысціянскага адзінства вельмі блізка звязана з гэтым заданнем”, - сказаў Папа.

Бэнэдыкт XVI звярнуў увагу на рызыку пануючай індэферэнтнасці, прычынай якой з’яўляецца меркаванне, што чалавек не можа пазнаць праўду. “У такім выпадку можна абмежавацца пошукам правіл, якія дапамогуць зрабіць свет лепшым. Так вера падмяняецца маралізмам без глыбокага фундаменту. Аднак у цэнтры сапраўднага экуменізма знаходзіцца вера, у якой чалавек сустракаецца з праўдай, адкрытай дзякуючы Божаму слову. Без веры экуменічны рух становіцца толькі свайго роду “сацыяльным пагадненнем”, якое заключаецца дзеля супольных інтарэсаў”, - сказаў Папа.

Святы Айцец адзначыў, што яшчэ адной з важных праблем у экуменічным дыялогу з’яўляюцца адносіны паміж Традыцыяй і традыцыямі. Пантыфік падкрэсліў, што важныя крокі у гэтай сферы былі зроблены падчас падрыхтоўкі да пераходу груп англіканскіх вернікаў да поўнага адзінства з Касцёлам, з захаваннем іх духоўных, літургічных і пастырскіх традыцый, якія адпавядаюць каталіцкай веры. “Існуе духоўнае багацце розных хрысціянскіх канфесій, якое з’яўляецца выразам адзінай веры і дарам, якім трэба дзяліцца”, - сказаў Папа.

Святы Айцец адзначыў, што ячшэ адным выклікам для экуменізму з’яўляецца праблема маральнасці, таму неабходна шукаць адзінства адносна пытанняў звязаных з чалавечым жыццём, сям’ёй, сексуальнасцю, біяэтыкай, свабодай, справядлівасцю і мірам. “Важна казаць аб гэтых тэмах адным голасам, абапіраючыся на фундамент Святога Пісання і жывой традыцыі Касцёла. Баронячы яе фундаментальныя каштоўнасці вялікай традыцыі Касцёла мы баронім чалавека і стварэнне”, - адзначыў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.