2012-01-26 13:38:15

“L’Osservatore Romano” аб стане адносін з пратэстантамі


У сённяшняй “L’Osservatore Romnano” супрацоўнік Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кс. Грэгоры Файрбэнкс піша аб стане дыялогу паміж католікамі і пратэстантамі. Ён адзначае, што ў 2011 г. працягваўся плённы дыялог з лютэранамі, кальвіністамі, баптыстамі, анабаптыстамі і іншымі хрысціянскімі супольнасцямі, такімі як Армія Збаўлення. Дыялог з кальвіністамі датычыць прысутнасці Хрыста ў Касцёле і свеце, а таксама разумення Касцёла як супольнасці. З анабаптыстамі Папская рада ў гэтым годзе будзе весці дыялог на тэму хросту дзяцей і дарослых. Агульная мэта дыялогу з баптыстамі – стварыць сумесную базу для вывучэння Святога Пісання.

Кс. Файрбэнкс звяртае ўвагу, што Арміяй Збаўлення, прысутная ў 121 краінах свету, не прызнае ніводнага сакрамэнту. Апостальская Сталіца вядзе з гэтай супольнасцю нефармальны дыялог з 2007 г. У 2011 г. адбылася сустрэча на тэму святасці, а ў бягучым годзе адбудуцца сумесныя размовы аб падыходзе да місій і некаторых тэалагічных пытанняў.

“Усе гэтыя сустрэчы сведчаць аб пошуку Каталіцкім Касцёлам разам з іншымі Цэрквамі і хрысціянскімі супольнасцямі поўнага адзінства”, - заключае ў сваім артыкуле кс. Грэгоры Файрбэнкс.








All the contents on this site are copyrighted ©.