2012-01-26 10:50:42

Мінск: прадстаўнікі “Caritas” з усёй Еўропы размаўлялі аб валанцёрстве


26 студзеня ў Мінску завяршаецца II Міжнародная сустрэча партнёраў “Карытас Беларусь”. У Культурна-адукацыйным цэнтры імя Іаганэса Раў сабраліся прадстаўнікі каталіцкай дабрачыннай арганізацыі з усіх дыяцэзій Беларусі і шматлікіх краін Еўропы. Сустрэча атрымалася сапраўды міжнароднай і плённай. Па-першае, менавіта на такіх форумах як мінскі адбываецца абмен вопытам людзей, раздзеленых межамі, але аб’яднаных адной ідэяй. Па-другое, каардынацыя іх дзеянняў на карысць сустветнага “Caritas”. Ёсць і трэцяе, адзначыў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Апостальскі нунцый у Беларусі. Паводле яго, “Карытас” – гэта візітоўная картка Каталіцкага Касцёла, твар гэтага Касцёла. І каб гэта было так, каб арганізацыя была сапраўднай, трэба абменьвацца вопытам і дасканаліцца далей.

У гэтым годзе форум прысвечаны працы з валанцёрамі. 11 арганізацый-партнёраў сумесна з беларускімі калегамі абмяркоўвалі нюансы валанцёрскай працы. Валанцёры – аснова дзейнасці любога дабрачыннага фонду. На жаль, у Беларусі пакуль заканадаўча не прапісана тэма валанцёрства – толькі абмяркоўваецца магчамасць такога законапраекту. У адрозненні нават ад Расіі, дзе ўжо замацаваныя і паняцце, і абшар дзейнасці валанцёра. І гэта вельмі дапамагае, напрыклад, у супрацоўніцтве рэлігійных арганізацый і дзяржаўных устаноў. Пры ўсім гэтым, па словах генеральнага сакратара “Caritas Europa” Хасэ Нуньё Майера, замежныя партнёры высока ацэньваюць працу беларускага аддзяення гэтай дабрачыннай арганізацыі.

“Я вельмі ўражаны вынікамі працы беларускай “Карытас”. Я бачу, што рэалізуецца шмат праектаў, ініцыятыў з удзелам дзяцей, інвалідаў; арганізацыя пастаянна шукае сферы, у якіх яшчэ можна працаваць. Тыя людзі, з якімі я пазнаёміўся, поўныя пазітыўнай энергіі, гэта і святары, і свецкія, яны добразычлівыя і поўныя жадання дапамагаць”, - адзначыў Хасэ Нуньё Майер.

У бліжэйшы час “Карытас Беларусь” плануе новы праект – мабільная дапамога. Напрыклад, у вёсках, дзе шмат адзінокіх людзей сталага ўзросту. Гэты праект будзе грунтавацца на актыўным удзеле менавіта валанцёраў. А ў перспектыве “Карытас Беларусь” арганізуе і адукацыю для цяперашніх або будучых валанцёраў – паведаміў дырэктар гэтай беларускай каталіцкай дабрачыннай арганізацыі кс. Віктар Гайдукевіч.

Матывацыя быць валанцёрам можа быць рознай, кажуць спецыялісты, але быць хаця б крыху больш міласэрным – можа кожны. А міласэрнасць – гэта любоў. Любоў – і ёсць Бог. Гэта звёны аднаго ланцужка.

Ларыса Абрамчук, Мінск







All the contents on this site are copyrighted ©.