2012-01-26 12:14:58

Бэнэдыкта XVI чакае бліжэйшыя два месяцы напружаная праграма


Заля Друку Апостальскай Сталіцы апублікавала план мерапрыемстваў і літургічных цэлебрацый, у якіх возьме ўдзел Бэнэдыкт XVI на працягу бліжэйшых двух месяцаў. 2 лютага, у свята Ахвяравання Пана, Пантыфік узначаліць малітву нешпараў, якая пройдзе ў базыліцы св. Пятра ў прысутнасці членаў інстытутаў кансэкравана і апостальскага жыцця. 18 лютага, у Сікстынскай капліцы ў Ватыкане Папа прыме ўдзел у кансісторыі, падчас якога уручыць кардынальскія берэты 22 новым кардыналам, а на наступны дзень, у Свята базылікі св. Пятра, супольна з імі, Папа будзе цэлебраваць св. Імшу.

Акрамя таго, Святы Айцец прыме ўдзел у вялікапостных рэкалекцыях, якія пройдуць у Ватыкане з 26 лютага да 3 сакавіка. У нядзелю 4 сакавіка Пантыфік наведае рымскую парафію св. Яна Баттыста Сальскага, а 10 сакавіка базыліку св. Грыгорыя на рымскім пагорку Цэлій, дзе прыме удзел у малітве нешпараў з нагоды візіта арцыбіскупа Кентэрберыйскага.

23-29 сакавіка адбудзецца Апостальскае падарожжа Папы ў Мексіку і на Кубу.

1 красавіка, у Пальмову нядзелю, Бэнэдыкт XVI узначаліць св. Імшу і працэсію, якая адбудзецца на плошчы св. Пятра.

Падчас Пасхальнага трыдыума, 5 красавіка Пантыфік узначаліць св. Імшу Крыжма. Вечарам у Вялікі чацвер Папа будзе цэлебраваць св. Імшу Вячэры Пана, якая адбудзецца ў базыліцы св. Яна на Латэране. На наступны дзень Святы Айцец правядзе Крыжовы шлях, які традыцыйна пройдзе ў рымскім Калізеі. 7 красавіка Папа ўзначаліць літургію Пасхальнай вігіліі, якая пачнецца ў 21.00 у Ватыканскай базыліцы.

У Велікодную нядзелю, 8 красавіка, Бэнэдыкт XVI будзе цэлебраваць урачыстую св. Імшу на плошчы св. Пятра. Пасля яе заканчэння, у 12.00 Святы Айцец, з цэнтральнай лоджыі базылікі св. Пятра, удзеліць урачыстае благаслаўленне “Urbi et orbi” (“Гораду і свету”), перад якім звернецца да вернікаў на шматлікіх мовах, у тым ліку і беларускай.








All the contents on this site are copyrighted ©.