2012-01-25 18:32:54

Бэнэдыкт ХVI: адзінства прыдзе паводле Божага часу – не нашага


25 студзеня ў базыліцы св. Паўла за Мурамі адбыліся ўрачыстыя нешпары свята навяртання св. апостала Паўла. Іх узначаліў Бэнэдыкт ХVI. У сваім казанні Папа нагадаў гісторыю св. Паўла, які з жорсткага праціўніка Касцёла перамяніўся ў нястомнага апостала. Пантыфік сказаў, што навяртанне Паўла па дарозе ў Дамаск паказвае, што падобная перамена не з’яўляецца вынікам інтэлектуальнага працэсу або асабістых намаганняў. Гэта – плён Божай ласкі, як і навяртанне з амаральнасці да маральнасці.

Святы Айцец нагадаў аб падзелах, якія існуюць паміж хрысціянамі. “Аб’яднаныя ў Хрысце, мы пакліканы падзяляць Яго місію, якая заключаецца ў нясенні надзеі туды, дзе пануюць несправядлівасць, нянавісць і безнадзейнасць. - сказаў Пантыфік - Падзелы паміж намі прыцямняюць святло нашага сведчання аб Хрысце. Поўнае адзінства, якога чакаем з творчай надзеяй і за якое з даверам молімся, не з’яўляецца перамогай другога парадку, але найважнейшай перамогай для дабра чалавечай сям’і”,- сказаў Бэнэдыкт ХVI.

Святы Айцец адзначыў, што ў сённяшняй культуры, перамога часта спалучана з ідэяй хуткага поспеху. У хрысціянскай перспектыве, аднак, перамога з’яўляецца доўгім і складаным працэсам перамен і ўзрастання ў дабрыні. Гэта перамога “прыдзе паводле Божага часу, не нашага, і патрабуе ад нас глыбокай веры і церпялівасці”, - падкрэсліў Папа. Паводле яго, церпялівае чаканне не звязана з пасіўнасцю або слабасцю, але гатоўнасцю адказаць на любую магчымасць адносін і братэрства, якія Пан дорыць нам. І хоць дарога да адзінства нялёгкая і доўгая, паводле Святога Айца, ужо ёсць станоўчыя знакі адноўленага братэрства і агульнага пачуцця адказнасці ў абліччы вялікіх праблемах, ад якіх пакутуе сучасны свет.







All the contents on this site are copyrighted ©.