2012-01-24 15:49:06

“Homo caritatis”. Чалавек і натуральнае права


Мы працягваем знаёміцца з філасофіяй Жака Марытэна, выдатнага хрысціянскага філосафа, думкі якога паўплывалі на развіццё ўсяго каталіцкага навучання, у тым ліку і сацыяльнага. Нагадаю, што нашы разважанні грунтуюцца на найбольш сістэматызаванай працы Марытэна, якая называецца “Чалавек і дзяржава”. У мінулых праграмах мы пачалі размову аб даволі складаным і вельмі спрэчным філасофскім пытанні, якое тычыцца прыроды натуральнага права. Мы ўбачылі, што для чалавека, натуральным законам з’яўляецца маральны закон, які стаіць нават вышэй за прыродныя сілы. Чалавек падпарадкоўваецца ці не падпарадкоўваецца маральнаму закону свабодна, у залежнасці ад таго, наколькі ён імкнецца да сваёй канчатковай мэты.

Чалавек пастаянна ўсё больш пазнае натуральнае права

Важна падкрэсліць, што натуральны закон з’яўляецца законам няпісаным. Людзі разумеюць яго з большымі ці меншымі намаганнямі, разумеюць яго ў большай ці меншай ступені і рызыкуюць у любым месцы дапусціць памылку. Адзіным практычным веданнем, якім валодаюць усе людзі, з’яўляецца веданне таго, што мы ўсе павінны рабіць дабро і пазбягаць зла. “Гэта прэамбула і прынцып натуральнага права, але не само права. Натуральнае права – гэта сукупнасць рэчаў, якія варта рабіць і якіх трэба пазбягаць”, - адзначаў Марытэн.

Кожны з нас можа сказаць, што ў такім выпадку існуе пэўны рэлятывізм: тое, што для аднаго добра, для іншага можа быць злом. Напрыклад у некаторых народаў лічацца добрым сексуальныя адносіны паміж сваякамі, крадзяжы ці канібалізм. І што, такім чынам гэта адпавядае натуральнаму праву? Не. Гэта ўсяго толькі азначае, што такія народы мелі памылковае ўяўленне пра дабро і зло, і канешне пра само натуральнае права.

Пазнанне, адкрыццё, знаёмства з натуральным законам развівалася разам з маральным развіццём чалавека. Першапачаткова яго разуменне было вельмі далёкім ад рэальнасці. Вучоныя-антраполагі кажуць аб тым, што ўнутры племянных аб’яднанняў людзей і ў іх вераваннях, разуменне натуральнага закона толькі зараджалася. Нават, да сённяшняга дня, у маральным сумленні чалавека працягваецца знаёмства з гэтым правам і яно будзе працягвацца і ўдасканальвацца пакуль жыве чалавецтва. Жак Марытэн адзначаў, што “толькі калі Адкрыццё Евангелля пранікне ў самыя глыбіні чалавечай сутнасці – натуральнае права прадстане ва ўсім сваім росквіце і дасканаласці”.

Чалавек мае схільнасць да адчування натуральнага права

Такім чынам відавочна, што само права і веданне аб ім гэта далёка не тое ж самае, а нават дзве зусім розныя рэчы. Св. Тамаш з Аквіну, гаворачы аб натуральным праве, адзначаў, што чалавечы розум мае схільнасць да таго, каб пазнаваць гэта права. Прычым, не дзякуючы лагічным працэсам ці рацыянальнаму пазнанню, а на узроўні адчування. “Гэтае жыццёвае несістэматычнае пазнанне ажыцяўляецца праз адчуванне прыроды, унутранай мелодыі, якую у душы чалавека ствараюць струны яго вечных імкненняў”, - паэтычна казаў Марытэн.

Гэта чалавечая схільнасць, на працягу гісторыі вяла людзей да паступовага адкрыцця ўсіх тых прадпісанняў, якія прызнаваліся родам чалавечым пачынаючы ад самых старажытных супольнасцяў. Такім чынам, натуральнае права, з’яўляецца сабраннем маральных прадпісанняў, якія людзі асэнсавалі дзякуючы сваёй схільнасці і якія з’яўляюцца асноўнымі прынцыпамі маральнага жыцця.

Дасканалае вывучэнне дадзеных антрапалогіі можа нам паказаць, што дінаміка развіцця натуральнага права заўсёды падпарадкавана ўніверсальнаму погляду (напрыклад усе людзі разумеюць, што забіць чалавека, гэта не тое самае, што забіць жывёлу; жыццё ў сям’і павінна кіравацца пэўнымі мадэлямі паводзінаў; сексуальныя кантакты павінны мець пэўныя абмежаванні і г.д.). З іншага боку можна убачыць вялікую разнастайнасць і рэлятывізм у адносінах да правіл, звычаяў і нормаў, што звязана з недасканаласцю адкрыцця натуральнага закона ці наадварод скажоным ці неправільным яго разуменнем.

Натуральнае права эвалюцыянуе

Марытэн адзначае, што развіццё маральнага сумлення чалавека, якое будзе працягвацца да канца гісторыі, з’яўляецца сведчаннем развіцця чалавецтва. Акрамя таго, філосаф падкрэслівае, што натуральнае права эвалюцыянуе ў залежнасці ад узроўню маральнага і сацыяльнага вопыту людзей.

Гісторыя развіцця маральнага сумлення чалавека дае нам убачыць, што напрыклад у старажытнасці і Сярэдневеччы ў натуральным праве больш увагі звярталася на абавязкі чалавека, чым на яго правы. Дасягненнні XVIII ст. паказалі, што натуральнае права патрабуе таксама правоў чалавека. Гэта адкрыццё абумоўлена развіццём маральнага і сацыяльнага вопыту, дзякуючы якому былі вызвалены асноўныя схільнасці чалавечай прыроды ў адносінах да правоў чалавека.

Нажаль, гэта вялікае дасягненне сустрэлася з ідэалагічнымі памылкамі, у выніку чаго акцэнт перамясціўся з абавязкаў чалавека выключна на яго правы. Аднак, сапраўдная і паўсюдная тэорыя натуральнага права павінна звяртаць увагу як на правы, так і на абавязкі чалавека.








All the contents on this site are copyrighted ©.