2012-01-24 13:48:39

Францыя: яўрэі і мусульмане правялі першы сумесны форум


RealAudioMP3 Сённяшняя “L’Osservatore Romano” інфармуе аб першай афіцыйнай сустрэчы у Парыжы паміж прадстаўнікамі мусульман і яўрэяў Францыі. Яна праходзіла пад дэвізам: “Яўрэі і мусульмане – грамадзяне адной краіны” і мела на мэце паспрыяць знішчэнню “сцяны недаверу і нянавісці паміж імі”. Падчас форума яго удзельнікі выказалі надзею, што гэта мерапрыемства паспрыяе ўзаемнай павазе паміж вызнаўцамі абедзьвух рэлігій і абароне агульных каштоўнасцяў, якія іх аб’ядноўваюць. Ватыканскае выданне цытуе вялікага рабіна Францыі Жыля Бернхайма, які паведаміў, што прыярэтэтам сваёй дзейнасці лічыць збліжэнне з мусульманамі. “Мы на цвёрдай аснове агульных каштоўнасцяў хочам будаваць адносіны з мусульманамі і імкнемся жыць разам у згодзе”, - сказаў рабін.

У сваю чаргу, мула вялікай мячэці Парыжа Даліл Бубакёр, падкрэсліў, што антысемітызм і ісламафобія – гэта няшчасці, з якімі трэба змагацца. “Іслам не з’яляецца антысеміцкім. Іслам у Францыі свядомы праблем, якія існуюць і ў стане змагацца з імі з усёй сур’ёзнасцю і адкрытасцю, і жыць адпаведна з духам часу”, - сказаў мула. Ён звярнуў увагу на тое, што звычайнымі ў Францыі сталі напады на мячэці, сінагогі, прафанацыя могілак, цяжкасці на працы і ў школе, з якімі сустракаюцца вернікі гэтых двух супольнасцяў. Бубакёр прапанаваў стварыць спецыяльную камісію, якая садзейнічала б узаемапаразуменню паміж яўрэямі і мусульманамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.