2012-01-22 12:07:30

Экуменічная малітва ў Мінску: не трэба шмат казаць – трэба рабіць


За адзінства хрысціян маліліся ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Тут 21 студзеня прайшла экуменічная малітва. Не часта ўбачыш прадстаўнікоў розных хрысціянскіх супольнасцяў – рыма- і грэка-каталіцкай, праваслаўнай, лютэранскай, баптыстскай – на малітве разам. А такія сустрэчы ў Беларусі сталі ўжо традыцыяй. Гэта мерапрыемства ў рамках сусветнага Тыдня малітваў за адзінства хрысціян, які праводзіцца ўжо у 45 раз. І ў гэтым годзе – пад дэвізам “Перамененыя перамогай Езуса Хрыста”.

Кожны з прысутных святароў і пастараў сказаў невялікую пропаведзь. Пратаіерэй Аляксандр Шымбалёў з Беларускай Праваслаўнай Царквы адзначыў важнасць такіх сустрэч, а яшчэ, калі казаць аб пераменах, то ў першую чаргу трэба пачынаць са змены сябе. Герман Родаў, старшыня Біблейскага таварыства ў Беларусі казаў, што перамога дабра над злом непазбежная, таму што дабро – ёсць Езус. Падзел хрысціянаў – гэта рана, якая пастаянна краваточыць. Па словах Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, трэба імкнуцца быць разам, разам вырашаць праблемы і абвяшчаць Евангелле.

На заканчэнне супольнага набажэнства ўсе разам, а таксама і вернікі, прачыталі галоўную малітву хрысціян – “Ойча наш”. Каб усе былі адно… 4 словы са Святога Пісання – воля Збаўцы. І тут не трэба шмат казаць – трэба рабіць.

Сімвалічна – у пацвярджэнне гатоўнасці ісці за Хрыстом, кожны паклаў каля ясляў з немаўляткам Езусам жывую чырвоную ружу.








All the contents on this site are copyrighted ©.