“Octava Dies”: Агульнахрысціянскі адказ сучаснікам на іх смагу праўды
Кс. Фэдэрыко Ламбардзі, Дырэктар Ватыканскага радыё прысвяціў сваю штотыднёвую рубрыку
“Octava Dies ” праходзячаму ў Касцёле Тыдню малітвы за адзінства хрысціян. Кіраўнік
Залі друку Апостальскай Сталіцы цытуе словы Папы, сказаныя 18 студзеня на Агульнай
аўдыенцыі, бо серада сёлета прыпала як раз на пачатак Тыдня адзінства: "Новая евангелізацыя
можа стаць больш плённай, калі ўсе хрысціяне разам будуць абвяшчаць праўду Евангелля
Езуса Хрыста і даваць агульны адказ на смагу нашых часоў”. Кс. Ламбардзі адзначае,
што такім чынам у чарговы раз стаецца відавочна, наколькі важнае значэнне мае экуменічная
накіраванасць для сучаснага свету – ў місіі Касцёла і ў асноўных напрамках цяперашняга
пантыфікату. “Тэма новай евангелізацыі, што вядзе нас да адмысловага Сіноду біскупаў,
які адбудзецца гэтай восенню, цесна пераплецена з экуменізмам”, - звяртае ўвагу кіраўнік
Залі Друку.
Далей святар кажа: “Год Веры, абвешчаны Папам, таксама будзе мець
экуменічнае вымярэнне, прычым на універсальным узроўні. Для гэтага прадугледжаны спецыяльныя
цэлебрацыі, аб чым гаворыцца ў нядаўна прынятым дакуменце Кангрэгацыі Веравучэння,
паводле якога "адзінства ўсіх хрысціян з'яўляецца адной з галоўных мэт ІІ Ватыканскага
сабора". “Духоўная смага нашых сучаснікаў патрабуе агульнага адказу, які павінен
быць, нягледзячы на цяжкасці, праўдзівым і дзейсным.”
Далей кс. Ламбардзі
кажа: “Папа, прымаючы фінскую лютэранскую дэлегацыю, адзначыў, што этычныя пытанні
ў апошні час сталі адным з пунктаў разыходжанняў між хрысціянамі, а вось шчырая згода
між хрысціянамі па антрапалагічным пытанні могла б дапамагчы грамадству і палітыкам
прымаць мудрыя і справядлівыя рашэнні па важных пытаннях чалавечага жыцця, сям'і
і сексуальнасці ". “Іншымі словамі, адзінства неабходна і для ўз'яднання ў веры,
і для службы прагрэсу чалавецтва”, - падкрэсліў кіраўнік Залі Друку.