2012-01-19 14:16:34

Папа да лютэранаў: адзінства хрысціян – Божы дар, а не наша ўласнае дасягненне


RealAudioMP3 19 студзеня, у дзень св. Генрыха, Бэнэдыкт ХVI прыняў дэлегацыю лютэран з Фінляндыі на чале з біскупам Хельсінкі Тэму Сіппо і біскупам Міккелі Сэпо Хякіненам. Папа выказаў сваю радасць, што ў чарговы раз фінская дэлегацыя прыбыла са штогадовай экуменічнай пілігрымкай у Рым да магілы святога апекуна Фінляндыі. Гэта, на думку Святога Айца, пацвярджае прыхільнасць экуменічным традыцыям і працэсам паяднання хрысціян розных веравызнанняў у краіне. Ён падкрэсліў, што сучасны свет мае асаблівую патрэбу агульнага сведчання аб Хрысце. Папа адзначыў, што, нягледзячы на розніцы, неабходна паскараць працэсы ўзаемнага паяднання ўнутры падзеленага хрысціянства.

Бэнэдыкт ХVI нагадаў, што ў апошні час спрэчнымі сталі этычныя пытанні, што прымушае шукаць згоды ў хрысціянскай антрапалогіі. Гэта, на думку Папы, “зможа дапамагчы грамадству і палітыкам прымаць мудрыя і справядлівыя рашэнні ў дачыненні да важных пытанняў жыцця чалавека, яго сексуальнасці і сям’і”.

Святы Айцец заклікаў хрысціян да церпялівай сумеснай працы. “Усведамленне таго, што Бог з любоўю ўваходзіць у нашу гісторыю, вучыць нас не спадзявацца выключна на нашы ўласныя сілы,” - сказаў Пантыфік. “Наша жаданне поўнага і бачнага адзінства патрабуе церпялівага даверу, але не ў духу бездапаможнасці або пасіўнасці, а глыбокай веры, што адзінства ўсіх хрысціян у адзіным Касцёле з’яўляецца Божым дарам, а не нашым уласным дасягненнем”, - падкрэсліў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.