2012-01-19 12:28:42

Бэнэдыкт XVI да біскупаў ЗША: маральнае навучанне не абмяжоўвае, але вызваляе


19 студзеня Бэнэдыкт XVI прыняў на аўдыенцыі групу амерыканскіх біскупаў, якія прыбылі ў Рым у рамках візіта “ad limina apostolorum”. У сваёй прамове да іерархаў Папа падкрэсліў, што падчас візіта ў ЗША у 2008 г. ён меў цудоўную магчымасць паразважаць аб рэлігійнай свабодзе і адносінах паміж рэлігіяй і культурай. Святы Айцец адзначыў, што ў Амерыцы баланс паміж гэтымі двума аспектамі замацаваны ў Канстытуцыі краіны, і сёння важна яго прытрымлівацца перад абліччам новых культурных плыняў, “якія не толькі з’яўляюцца супрацьлеглымі маральнаму навучанню юдэйска-хрысціянскай традыцыі, але нават варожымі хрысціянству па сваёй прыродзе”. “Калі культура спрабуе знішчыць вымярэнне бясконцай таямніцы і зачыніцца на трасцэндэнтныя праўды, яна непазбежна бяднее і становіцца ахвярай самой сябе”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Папа заклікаў іерархаў абвяшчаць, што Касцёл прапануе Евангелле як ключ да чалавечага шчасця і сацыяльнага росквіту. Пантыфік заахвоціў біскупаў змагацца з індывідуалісцкімі тэндэнцыямі ў жыцці грамадства і спробамі развіцця ўяўлення аб свабодзе адзеленай ад маральных праўдаў. “Касцёл прапануе сваё маральнае навучанне не ў якасці таго, што абмяжоўвае, але таго, што вызваляе і дае асновы для бяспечнай будучыні”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік адзначыў, што “адзяленне Касцёла ад дзяржавы не азначае, што Касцёл павінен маўчаць адносна некаторых пытанняў, а дзяржава не павінна звяртаць увагі на пазіцыю вернікаў пры абмеркаванні каштоўнасцяў, якія будуць вызначаць будучыню нацыі”. Акрамя таго, Папа звярнуў увагу на спробы абмежаваць рэлігійную свабоду ў ЗША, якія мелі месца на працягу апошніх гадоў.

Святы Айцец адзначыў, што перад абліччам існуючых праблем вельмі важна займацца выхаваннем і адукацыяй свецкіх вернікаў, які маючы крытычны погляд у адносінах да дамінуючай культуры, мелі б мужнасць супрацьстаяць секулярызму і спробам аддаліць Касцёл ад удзелу ў жыцці грамадства.








All the contents on this site are copyrighted ©.