2012-01-18 15:38:55

Украіна: парламент не хоча абмяркоўваць адносін паміж Касцёлам і дзяржавай


Парламент Украіны не прыняў праекта рэзалюцыі аб магчымасці абмеркавання стану адносін паміж Касцёлам і дзяржавай. Паводле Інстытута па рэлігійнай свабодзе толькі 12 дэпутатаў прагаласавалі за гэтую ініцыятыву. Прадстаўляючы праект рэзалюцыі Уладзімір Марушчэнка з Дэмакратычна-хрысціянскага саюза сказаў, што парламенцкія слуханні маглі б быць “знакам увагі вышэйшага заканадаўчага органа ўкраінскай дзяржавы да шэрагу пытанняў, якія тычацца развіцця царкоўна-дзяржаўных адносін і абароны свабоды веравызнання ў краіне”.

Ініцыятыва была падтрымана Саветам Цэркваў і рэлігійнымі арганізацыямі, якія падкрэслілі ў сваіх заявах, што парламенцкае слуханне дазволіла б прадстаўнікам розных рэлігійных супольнасцяў непасрэдна звярнуцца да прадстаўнікоў народа са сваімі праблемамі, з заклікам палепшыць заканадаўства ў сферы свабоды веравызнання і дзейнасці рэлігійных арганізацый ва Украіне. “Гэта ставіць пад пытанне ролю дзяржавы ў рэгуліраванні бягучых пытанняў у міжцаркоўным асяроддзі. Гэтыя пытанні яшчэ не вырашаны. Мы іх яшчэ не абмяркоўвалі ў парламанце”, - сказаў іншы сааўтар праекта Уладзімір Стрэтовіч.

Паводле Інстытута па рэлігійнай свабодзе, супраць гэтага праекта выступіла Камісія па справах культуры і веравызнання пры ўладзе краіны і прадстаўнікі Камуністычнай партыі. Паводле гэтай партыі “пытанні, якія тычацца міжканфесійных адносін, не павінны абмяркоўвацца ў парламенце краіны”.







All the contents on this site are copyrighted ©.