2012-01-18 14:43:29

Сенегал гатовы прыняць з візітам Святога Айца


З 14 студзеня ў Сенегале з візітам знаходзіцца арцыбіскуп Дамінік Мамбэрці, сакратар па адносінах з дзяржавамі Дзяржсакратарыяту. Нагодай для візіту стала 50-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Сенегалам і Апостальскай Сталіцай. 17 студзеня арцыбіскуп Мамбэрці сустрэўся з прэм’ер-мінітарам Сенегала Сулейманам Ндэнэ і міністрам замежных спраў Мадзікэ Н’янгам. Падчас сустрэчы адзначалася, што Сенегал і Апостальская Сталіца павінны сумесна змагацца з фанатызмам і экстрэмізмам, працаваць на карысць рэлігіі як прылады міру, паяднання і справядлівасці.

“Мы ўсведамляем, што рэлігія можа спрыяць каштоўнасцям нашага народа і ўносіць уклад у эканамічнае і сацыяльнае развіццё краіны”, - сказаў Міністр замежных спраў. Паводле яго, рэлігія ўплывае на тыя каштоўнасці, якія дазволяць Сенегалу выйсці з эканамічнай адсталасці і беднасці. Палітык таксама заявіў, што Сенегал гатовы прыняць Святога Айца, бо візіт Пантыфіка паспрыяў бы пазітыўнаму вырашэнню шматлікіх праблем краіны.

Кіраўнік ватыканскай дыпламатыі адзначыў прыклад мірнага суіснавання розных рэлігій у гэтай афрыканскай краіне, а таксама салідарнасць і павагу, якімі адзначаецца сенегальскае грамадства. “У Сенегале рэлігія з’яўляецца прыладай паяднання і міру”, - сказаў арцыбіскуп Мамбэрці.








All the contents on this site are copyrighted ©.