2012-01-18 11:07:07

Кіраўнік Ватыканскага банка заклікае рэйтынгавыя агенцтвы да большай адказнасці


Кіраўнік Ватыканскага банка Этторе Гоццы Тэдэскі заклікаў міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы быць больш асцярожнымі ў сваіх ацэнках краін. Агенцтвы павінны ўсведамляць сур’ёзныя наступствы сваіх рэйтынгвых рашэнняў і лепш тлумачыць свае дзеянні, заявіў Гоццы Тэдэскі ў інтэрв’ю нашаму радыё. Аднак, галоўны ватыканскі банкір заклікае са зразуменнем ставіцца да паніжэння рэйтынгаў некаторых еўрапейскіх краін амерыканскім агенцтвам “Standard&Poor’s”. Еўропа страціла частку канкурэнтаздольнасці ў параўнанні з Азіяй, аналізуе эканаміст. “Мы маем справу з новым сусветным парадкам, у якім эканамічная ўлада перамяшчаецца з Захаду на Усход”, - заявіў Гоццы Тэдэскі.

У апошнія стагоддзі двойчы адбыўся перадзел свету, і, як наступства, эканамічны рост заходняга свету значна затрымаўся. “Сёння мы маем на Захадзе свет спажыўцоў, а на Усходзе, свет вытворцаў, якія не з’яўляюцца яшчэ спажыўцамі”. У гэтай сітуацыі рэйтынгавыя агенцтвы не могуць сказаць, “што мы робім добрую працу, толькі таму, што зрабіўшы некалькі манёўраў, зменшым дзяржаўныя выдаткі”, - сказаў кіраўнік Ватыканскага банка.

Еўропа павінна паспрабаваць аднавіць сваю канкурэнтаздольнасць і выходзіць з крызісу разам са Злучанымі Штатамі: “Беручы пад увагу тое, што крызіс закрануў усю заходнюю сістэму, Еўропу і Амерыку, мы павінны каардынаваць адзін з адным выхад з сітуацыі”.







All the contents on this site are copyrighted ©.