2012-01-18 13:19:11

Бэнэдыкт XVI падчас агульнай аўдыенцыі : малітва за адзінства павінна стаць штодзённай для вызнаўцаў Хрыста


Падчас сённяшняй агульнай аўдыенцыі, якая прайшла ў Залі Паўла VI у Ватыкане, Бэнэдыкт XVI заклікаў вернікаў аб’яднацца ў малітве за адзінства хрысціян і спрыяць таму, каб умацоўвалася супольнае сведчанне, салідарнасць і супрацоўніцтва паміж прадстаўнікамі ўсіх хрысціянскіх канфесій. Папа нагадаў, што першы Тыдзень малітвы аб адзінстве хрысціян прайшоў у 1908 г. па ініцыятыве айца Пола Уотсана, заснавальніка адной англіканскай супольнасці, якая праз некаторы час далучылася да Каталіцкага Касцёла. “Гэта ініцыятыва атрымала благаслаўленне св. Пія Х і затым Бэнэдыкта XV, які сваім дакументам “Romanorum Pontificum” ад 25 лютага 1916 г. заклікаў святкаваць гэты тыдзень ва ўсім Каталіцкім Касцёле”, - нагадаў Святы Айцец.

Пантыфік адзначыў, што Тыдзень малітвы за адзінства хрысціян аб’ядноўвае вызнаўцаў Хрыста розных традыцый і спрыяе ўмацаванню свядомасці, “што адзінства, да якога мы імкнемся не залежыць толькі ад нашых намаганняў, але перш за ўсё паходзіць звышыні”.

Бэнэдыкт XVI нагадаў, што тэксты разважанняў для Тыдня малітвы былі падрыхтаваны членамі экуменічнай групы, у якую ўваходзілі прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла і Экуменічнай Рады Польшчы, структуры, што аб’ядноўвае розныя Цэрквы і рэлігійныя супольнасці краіны. Папа адзначыў, што дакументацыя была таксама разгледжана членамі Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству і асамблеяй Экуменічнай Рады Цэркваў. “Гэта праца, зробленая разам, з’яўляецца знакам жадання адзінства, якое натхняе хрысціян, і свядомасці таго, што малітва – гэта першасны шлях да дасягнення поўні адзінства, бо аб’яднаныя з Панам мы ідзем да адзінства”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што тэма Тыдня малітвы была ўзята з тэкста Першага паслання апостала Паўла да Карынцянаў: “Усе мы будзем пераменыя перамогай Езуса Хрыста, нашага Пана”.

“Гэта тэма была прапанавана экуменічнай групай з Польшчы, якая разважаючы над сваім лёсам як нацыі, пажадала падкрэсліць тое, якую моцную падтрымку дала ім хрысціянская вера падчас выпрыбаванняў і смутку, што давялося перажыць на працягу гісторыі. Пасля дыскусій была абрана тэма, якая нагадвае аб перамяняючый моцы веры ў Хрыста, асабліва ў святле той важнасці, якую яна мае ў малітве аб бачным адзінстве Касцёла, Цела Хрыста”, - сказаў Святы Айцец.

Папа заклікаў паразважаць над тым, што азначае слова “перамога”, якой мы будзем пераменыя. “У адрозненні ад трыўмфалісцкага разумення паняцця “перамогі”, Хрыстус прапануе нам зусім іншы шлях: Яго перамога не дасягаецца уладай ці сілай. Наадварот, Ён кажа: “Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і слугою ўсіх”, - нагадаў Бэнэдыкт XVI.

Пантыфік адзначыў, што “Хрыстус кажа аб перамозе праз любоў да пакутуючых, праз узаемнае служэнне, дапамогу, новую надзею і канкрэтныя праявы клопату аб апошніх, пакінутых, забытых.

Папа нагадаў, што ІІ Ватыканскі Сабор паставіў экуменізм ў цэнтры жыцця і дзейнасці Касцёла. “Малітва за адзінства хрысціян датычыць не толькі гэтага тыдня, але павінна стаць арганічнай часткай малітоўнага жыцця ўсіх хрысціян, у любым месцы і ў любы час, асабліва калі прадстаўнікі розных канфесій сустракаюцца і працуюць разам для перамогі ў Хрысце над грахом, злом, несправядлівасцю, насіллем над чалавечай годнасцю”, - падкрэсліў Папа.
Акрамя таго, Святы Айцец адзначыў, што у свеце з’явілася моцная свядомасць таго, што адсутнасць хрысціянскага адзінства перашкаджае эфектыўнай евангелізацыйнай дзейнасці. “Гэта вялікі выклік для новай евангелізацыі, якая можа стаць больш плённай калі ўсе хрысціяне разам будуць абвяшчаць праўду Евангелля Езуса Хрыста і дадуць супольны адказ на духоўную прагу нашага часу”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Пасля катэхезы Святы Айцец прывітаў пілігрымаў, якія прыбылі на агульную аўдыенцыю. Асаблівую увагу Папа звярнуў на прысутнасць групы рымскіх адвакатаў і заклікаў іх “выконваць працу заўсёды захоўваючы вернасць праўдзе, фундаментальнай для здзяйснення справядлівасці”.







All the contents on this site are copyrighted ©.