2012-01-17 12:03:03

Кс. Капроўскі: Касцёл і сусветны эканамічны крызіс


Праграмны дырэктар Ватыканскага радыё, кс. Анджэй Капроўскі, заклікае паглядзець, як дзейнічае Касцёл перад абліччам сусветнага эканамічнага і фінансавага крызісу. Святар адзначае, што, з аднаго боку, крызіс справакаваў вялікія хваляванні людзей і шматлікія “рэфармісцкія” ініцыятывы, а з другога, недавер да палітычных і эканамічных эліт і да цэлых “блокаў краін”. “Думаючы аб крызісе, мала хто ўзгадвае аб закліках, якія рабілі Павел VI, Ян Павел ІІ і Бэнэдыкт XVI. Часта людзі з усмешкай успрымаюць заяўленні біскупскіх канферэнцый, аб тым, што неабходна перш за ўсё памятаць пра годнасць чалавечай асобы: паставіць у цэнтр кожнага чалавека, асабліва бедных, якія з’явіліся ў выніку развіцця эканамічных, палітычных, сацыяльных і культурных механізмаў”, - адзначае кс. Капроўскі. Святар падкрэслівае, што “мала хто памятае аб словах галоўнага рабіна Рыма, які адзначаў, што “рынак” калі становіцца мэтай сам па сабе, разбурае раўнавагу і спрыяе з’яўленню культуры спажывецтва, супрацьлеглай чалавечай годнасці”.

Гаворачы аб укладзе Касцёла ў пераадоленне гэтага крызісу, кс. Капроўскі нагадвае, што Касцёл не прапануе тэхнічных вырашэнняў праблем, але дае накірунак, у якім неабходна рухацца – “накірунак, фундаментам якога з’яўляецца годнасць асобы”, заснаваная на паходжанні чалавека ад Бога.

Праграмны дырэктар Ватыканскага радыё заўважае, што ў сучасным свеце існуе няправільнае разуменне хрысціянства і Касцёла і таму па ініцыятыве Папы была створана спецыяльная Рада па новай евангелізацыі, мэтай якой з’яўляецца знаёмства з скарбам веры, які нанава павінна адкрыць Еўропа.

Святар нагадаў заклік Бэнэдыкт XVI да манаскіх кангрэгацый, касцёльных супольнасцяў і рухаў, спрыяць пошуку шляхоў выхаду з крызіса, праз яднанне “духоўнага вымярэння з сацыяльным”, а таксама выказаў спадзяванні на ўклад у гэты працэс Сінода Біскупаў аб новай евангелізацыі і іншых буйных мерапрыемстваў, якія пройдуць на працягу гэтага года.








All the contents on this site are copyrighted ©.