2012-01-17 15:22:46

Вялікабрытанія: ардынарыят для былых англіканаў перажывае фінансавыя цяжкасці


Персанальны ардынарыят Маці Божай Уолсінгемскай для былых англіканаў, створаны 15 студзеня 2011 г., перажывае фінансавыя цяжкасці. Яго ардынарый, былы англіканскі біскуп, кс. прэлат Кейт Ньютан, адзначыў, што у структуры працуе 60 святароў, але большасць з іх не мае парафій. “Мы атрымліваем дапамогу ад ахвярадаўцаў і парафіян, колькасць якіх пастаянна павялічваецца, і такім чынам сітуацыя павольна змяняецца. Але, у той жа час, ардынарыят патрабуе большай дапамогі”, - сказаў святар. Дыякан Джэймс Брэдлі удакладняе, што фінансавыя сродкі патрэбны для набыцця будынкаў касцёлаў, каб не “пазычаць” храмаў у іншых парафій для адпраўлення набажэнстваў, як робіць большасць святароў ардынарыята.

Ардынарыят Маці Божай Уолсінгемскай быў створаны ў Вялікабрытаніі для англіканскага духавенства і вернікаў, якія выказалі жаданне поўнага адзінства з Каталіцкім Касцёлам. Гэта структура падпарадкоўваецца непасрэдна Апостальскай Сталіцы і ахоплівае тэрыторыю, на якой распаўсюджваюцца паўнамоцтвы Канферэнцыі Біскупаў Англіі і Уэльса.








All the contents on this site are copyrighted ©.