2012-01-17 14:44:25

Бэнэдыкт ХVI наведае італьянскую дыяцэзію Арэцца


17 студзеня Заля Друку Апостальскай Сталіцы паінфармавала, што 13 мая 2012 г. Святы Айцец наведае з пастырскім візітам італьянскую дыяцэзію Арэцца-Корціна-Сансэполькро. “Мы радуемся, што Святы Айцец жадае прыняць удзел разам з намі ў святкаванні 1000-гадовага юбілею дыяцэзіі, даючы высокую ацэнку духоўнай ідэнтычнасці нашай касцёльнай супольнасці”, - сказаў арцыбіскуп Рыкарда Фантана, кіраўнік дыяцэзіі.

Іерарх адзначыў, што па прашэсці 5 стагоддзяў Пантыфік вернецца ў Сансэполькро, каб пацвердзіць яшчэ раз сувязь дыяцэзіі з Іерусалімам. “Мы вельмі ўдзячныя Богу і Святому Айцу за наведанне нашага дыяцэзіяльнага Касцёла, які атрымаў яшчэ адну ласку аднаўлення пасля незабыўнай сустрэчы з бл. Янам Паўлам ІІ у 1993 г.” , - сказаў арцыбіскуп Рыкарда Фантана.

“Афіцыйнае паведамленне аб візіце Бэнэдыкта ХVI на нашу зямлю дазваляе нам пачаць з сённяшняга дня падрыхтоўку да сустрэчы з Папам, якога мы пазнаёмім з духоўным багаццем нашага Касцёла і з рознымі формамі яго пастырскага і культурнага досведаў і будзем прасіць у Святога Айца ўмацаваць нашу веру ў Езуса Хрыста”, - сказаў іерарх.

13 мая ў першай палове дня ў Арэцца Бэнэдыкт ХVI узначаліць св. Імшу і памоліцца “Regina caeli” перад катэдральным касцёлам горада. У другой палове дня Святы Айцец наведае францішканскі санктуарый ў Вэрне і конкатэдральны касцёл у Сансэполькро, які сёлета адзначае сваё тысячагоддзе.








All the contents on this site are copyrighted ©.