2012-01-17 13:33:51

Арцыбіскуп Хон Тай Фай: міжнародная супольнасць патрабуе вызвалення біскупаў і святароў


RealAudioMP3 Арцыбіскуп Савіо Хон Тай Фай, сакратар Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў, даў ацэнку кампаніі інфармацыйнага агенцтва “AsiaNews”, якая мае на мэце вызваленне ў Кітаі каталіцкіх біскупаў і святароў, кінутых уладамі ў турмы і працоўныя лагеры. “Урад Кітая павінен іх вызваліць; гэта паспрыяла б лепшаму іміджу краіны на міжнароднай арэне”, - сказаў прадстаўнік ватыканскай дыкастэрыі. Ён адзначыў, што, нават калі ўрад Кітая не адкажа на гэтую ініцыятыву, апошняя прынясе плён, бо паспрыяе таму, каб пра зняволенае духавенства не забыліся.

Арцыбіскуп Хон Тай Фай сказаў, што як кітаец ён ганарыцца сведчаннем гэтых асоб, якое напаўняе радасцю і суцяшэннем шматлікіх вернікаў краіны. “Гэтыя мучанікі зрабілі плённай евангелізацыю ў Кітаі і застануцца ўзорам гераізму для ўсіх вернікаў свету”, - сказаў ён і дадаў, што ўрад Кітая на шматлікія просьбы аб вызваленні зняволеных заўсёды адказвае, “што нічога аб іх не ведае”. “Такі адказ Апостальская Сталіца атрымлівала шмат разоў”. Іерарх распавёў, што калі прыходзіць такі адказ, гэта часта азначае, што святары загінулі па рэлігійных матывах.

Арцыбіскуп звярнуў увагу на тое, што арышты біскупаў і святароў, іх прабыванне ў лагерах ці пад хатнім арыштам сведчаць дрэнна аб Кітаі. “Калі гэтыя асобы зрабілі штосьці вельмі дрэннага, то калі ласкай, трэба паставіць іх перад Судом, а не замыкаць у турме ці ізаляваць”, - сказаў арцыбіскуп Хон Тай Фай. На яго думку такім чынам урад Кітая не вырашыць ніякіх праблем, а толькі пашкодзіць свайму міжнароднаму іміджу. Ён паведаміў, што Апостальская Сталіца прадпрымае беспрэцэдэнтныя крокі, каб палепшыць сітуацыю Касцёла і вернікаў у Кітаі.








All the contents on this site are copyrighted ©.