2012-01-16 10:03:34

Індыя: чакаецца пагаршэнне становішча хрысціян


За 2011 г. у Індыі 2 141 хрысціянін стаў ахвярай нападаў з боку індуісцкіх экстэмістаў, гаворыцца ў справаздачы экуменічнай арганізацыі “Catholic Secular Forum”, заснаванай мясцовымі католікамі пры падтрымцы кардынала Освальда Грасіяса, арцыбіскупа Бамбею. У дакуменце адзначаецца, што згодна з прагнозамі, у 2012 г. колькасць ахвяр можа ўзрасці. Падкрэсліваецца, што індуісцкі радыкалізм стаў “вірусам, які заражае грамадства”. “Дыскрымінацыя хрысціян распаўсюджваецца і ахоплівае амаль усе штаты Індыі”, - гаворыцца ў справаздачы.

Звяртаецца ўвага на складаную сітуацыю у штаце Яму, дзе пражывае індуісцкая большасць, і штаце Кашмір, пераважна населеным мусульманамі, дзе некалькі дзён таму Вярхоўны ісламскі трыбунал абвінаваціў у празелітызме каталіцкага місіянера кс. Джыма Борста і пратэстанскага пастара Чандэра Мані Кхана. Паводле інфармацыі “Catholic Secular Forum”, абвінавачванні супраць прапаведнікаў не адпавядаюць праўдзе. “Многія мусульмане атрымалі адукацыю у школах, якімі яны кіравалі”, - падкрэсліваецца ў справаздачы арганізацыі. Акрамя таго, звяртаецца ўвага на некампетэнтнасць ісламскага трыбуналу судзіць хрысціян. “Мы просім урад спрыяць абароне правоў грамадзян і спыніць нападкі экстрэміскіх элементаў”, - заклікаюць каталіцкія актывісты.

Першыя хрысціяне ў Кашміры з’явіліся ў сярэдзіне ХІХ ст. дзякуючы місіянерскай дзейнасці каталіцкіх і пратэстанскіх прапаведнікаў. На сённяшні дзень тут пражывае каля 20 тыс. католікаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.