2012-01-14 12:29:28

Конга: біскупы асудзілі фальсіфікацыю выбараў


Епіскапат Дэмакратычнай Рэспублікі Конга падверг рэзкай крытыцы спосаб правядзенне прэзідэнцкіх выбараў у краіне і іх вынікі. Галасаванне прайшло ў лістападзе мінулага года. У заяве 35 біскупаў сказана аб “здрадзе, хлусні і тэроры”. На думку іерархаў, абвяшчэнне прэзідэнтам Жозэфа Кабілы з’яўляецца з боку выбарчай камісіі “сур’ёзнай памылкай”. Конга не можа жыць у “клімаце здрады, хлусні і тэрору, мілітарызацыі і грубых парушэнняў свабоды слова”, заявіў генеральны сакратар Канферэнцыі Біскупаў, біскуп Леанард Сантэдзі.

На мінулым тыдні арцыбіскуп Кіншасы кардынал Ларан Монсэнгво Пасінья, заклікаў да грамадзянскага непадпарадкавання і запатрабаваў адмены вынікаў выбараў. Трэба адзначыць, што Каталіцкі Касцёл меў падчас іх найбольшую сетку незалежных назіральнікаў.

Кабіла стаў першым Прэзідэнтам Рэспублікі Конга пасля заканчэння грамадзянскай вайны ў 2003 г. Выбары прайшлі ў 2006 г. пад наглядам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Але фактычна Жозэф Кабіла кіруе краінай ад 2001 г., калі гвалтоўна памёр яго бацька Ларан Дэзірэ Кабіла.







All the contents on this site are copyrighted ©.