2012-01-14 13:10:28

Бэнэдыкт XVI сустрэўся з прэм’ер-міністрам Італіі Марыё Монці


14 студзеня Бэнэдыкт XVI прыняў на прыватнай аўдыенцыі прэм’ер-міністра Італіі Марыё Монці. Гэта была першая афіцыйная сустрэча паміж Папам і новым кіраўніком італьянскага ўрада. “Дзякую за гэты прывілей і гонар”, - такімі словамі палітык прывітаў Святога Айца. Першай тэмай, аб якой размаўлялі Папа і прэм’ер-міністр, быў эканамічны крызіс. Марыё Монці адзначыў, што перад яго абліччам неабходна дзейнічаць рашуча і даць надзею людзям. Папа падцвердзіў, што гэта вельмі важна і пажадаў палітыку адвагі. Затым, адбылася прыватная размова, якая працягвалася каля 25 хвілін.

Марыё Монці прыбыў у Ватыкан у суправаджэнні сваёй жонкі і яшчэ 11 чалавек, сярод якіх быў Міністр замежных спраў Італіі Джуліомарыя Тэрцы дэ Сант’Агата. Пасля размовы з Пантыфікам палітык сустрэўся з кардыналам Дзяржсакратаром Тарчызіо Бэртонэ. Гэта ўжо не першы візіт Марыё Монці падчас кіраўніцтва італьянскім урадам ў Ватыкан. 1 студзеня, разам са сваёй сям’ёй, палітык наведаў базыліку св. Пятра і магілу бл. Яна Паўла ІІ.








All the contents on this site are copyrighted ©.