2012-01-13 13:39:33

Кардынал Грахалеўскі: каталіцкія школы выхоўваюць усяго чалавека


Кардынал Зянон Грахалеўскі, прэфект Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі, адзначыў, што калі верыць у тое, што наша “жыццё не заканчваецца зямным існаваннем, то змяняецца ўся сістэма каштоўнасцяў, жыцця і дзейнасці чалавека”. У інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву “КАІ” іерарх падкрэсліў, што “Бэнэдыкт XVI заўсёды нагадвае ў сваіх прамовах скіраваных да навукоўцаў аб тым, што неабходна пашыраць далягляды веры”. “Чалавек не можа не задавацца пытаннямі аб сэнсе яго жыцця, працы, навуковых даследванняў. Калі не пытацца сябе аб гэтым, то вельмі проста можна дайсці да адмаўлення любых этычных межаў у навуцы, як гэта было у выпадках медыцынскіх эксперыментаў на людзях у часы Гітлера, у імя навукі і прагрэса”, - сказаў кардынал Грахалеўскі.

Гаворачы аб каталіцкай адукацыі, іерарх заўважыў, што сённяшні свет патрабуе каталіцкіх журналістаў, сацыолагаў, палітыкаў, юрыстаў. “Місія свецкіх не заключаецца ў прамаўленні казанняў, але ў хрысціянскім сведчанні ў палітыцы, грамадскім жыцці, медыцыне. Таму мы патрабуем таго, каб існавалі каталіцкія універсітэты”, - сказаў кардынал Грахалеўскі.

Іерарх адзначыў, што сутнасцю каталіцкай адукацыі з’яўляецца не толькі даванне ведаў, але інтэгральнае выхаванне чалавечай асобы, таму такія навучальныя установы карыстаюцца папулярнасцю ў свеце. “Неабходна навучыць чалавека, каб ён свае веды выкарыстоўваў для дабра ўсяго чалавецтва”, - падкрэсліў кардынал.

Прэфект ватыканскай дыкастэрыі расказаў, што ў яе кампетэнцыю уваходзяць не толькі пытанні звязаныя з дзейнасцю каталіцкіх школ і ўніверсітэтаў, але самая галоўная увага надаецца духоўным семінарыям. Іерарх адзначыў, што ў выхаванні святароў самым важным з’яўляецца фарміраванне духоўнасці. “Менавіта духоўнасць уплывае на чалавечую, навуковую і пастырскую падрыхтоўку святара”, - адзначыў кардынал.








All the contents on this site are copyrighted ©.