Бэнэдыкт XVI сустрэўся з паліцэйскімі, якія ахоўваюць плошчу св. Пятра
13 студзеня ў Клеменційскай
Залі Апостальскага Палаца ў Ватыкане Бэнэдыкт XVI сустрэўся з кіраўнікамі і супрацоўнікамі
інспекцыі па ахове грамадскага парадку “Ватыкан”, - аддзела рымскай паліцыі, які займаецца
аховай плошчы св. Пятра, а таксама клапоціцца аб бяспецы Пантыфіка, падчас яго падарожжаў
па тэрыторыі Італіі. Падчас гэтай сустрэчы прымеркаванай да пачатку новага 2012 года,
Святы Айцец падзякаваў паліцэйскім за іх працу і заклікаў заўсёды быць сведкамі справядлівасці
і будаўнікамі супакою. “Ахова грамадскага парадку, асабліва на тэрыторыях, якія наведвае
шмат турыстаў і пілігрымаў з розных краін – гэта не простае заданне. Сапраўды, базыліка
св. Пятра з’яўляецца цэнтрам хрысціянства і католікі з усяго свету жадаюць, хоць раз
у жыцці, прыйсці сюды, каб памаліцца каля магіл апосталаў. Прысутнасць Святога Пасада
і такой вялікай колькасці людзей, якія жадаюць наведаць сэрца Каталіцкага Касцёла,
не з’яўляецца праблемай для Рыма і Італіі, але наадварот – багаццем і вялікім прывілеем!”,
- сказаў Папа.
Бэнэдыкт XVI пажадаў паліцэйскім, каб назіраючы за поўнымі радасці,
эмоцый, і душэўных уражанняў вернікамі, умацоўвалася таксама і іх вера, дапамагаючы
жыць як сапраўдныя хрысціяне і адказныя грамадзяне.
Папа нагадаў, што нажаль,
мінулы год быў адзначаны выпадкамі гвалту і неталерантнасці, і многія хрысціяне, з
прычыны прыналежнасці да Касцёла Хрыста, сталі аб’ектам нападаў, таму ў сённяшнім
свеце асабліва важна “вучыць моладзь справядлівасці і міру”. “Справялівасць – гэта
цнота, якая кіруе чалавечай воляй”, а мір, гэта не проста адсутнасць вайны, “гэта
перш за ўсё дар Бога, аб якім неабходна з верай прасіць і якога можна дасягнуць толькі
праз Езуса Хрыста”, сказаў Пантыфік. Святы Айцец нагадаў, што “сапраўды мір, гэта
справа, будаваць якую трэба штодзённа ў супрацоўніцтве з кожным чалавекам”.