2012-01-12 13:54:47

Венгрыя: Касцёл падтрымлівае прыняцце новай Канстытуцыі


RealAudioMP3 Дапаможны біскуп дыяцэзіі Эстэргом-Будапешт Янаш Шэкелі выказаў сваё меркаванне аб уступленні ў дзеянне новай венгерскай Канстытуцыі. Ён адзначыў, што цяперашні ўрад краіны заклікае да тых каштоўнасцяў, якія маюць прыярытэтнае значэнне таксама і для Касцёла. У інтэрв’ю нашаму радыё іерарх адзначыў, што новы Асноўны закон, прыняты ў 2011 г., пачынаецца са спачылкі на Бога, падцвярджае, што чалавечае жыццё неабходна абараняць ад моманту зачацця да натуральнай смерці і падкрэслівае, што інстытут сям’і, у аснове якога знаходзіцца саюз мужчыны і жанчыны, павінен знаходзіцца пад абаронай.

Акрамя таго, у Канстытуцыі адзначаецца, што сям’я з’яўляецца асновай жыцця народа і пры ўстанаўленні памеру падаткаў, павінна адлічвацца сума, якую грамадзянін плаціць за навучанне дзяцей. Акрамя таго, іерарх адзначыў, што венгерскі урад, у час эканамічнага крызісу дадаткова ўстанавіў падаткі для банкаў з мэтай клопату аб сем’ях. Гэта выклікала крытыку з боку фінансістаў. “Зразумела, што многім еўрапейскім інтэлектуалам не падабаецца такое сцвярджэнне фундаментальных каштоўнасцяў і нават натхняе іх здзейсняць нападкі”, - падкрэсліў біскуп Шэкелі.

Іерарх паведаміў, што касцёльныя школы і бальніцы ў Венгрыі атрымліваюць аднолькавую фінансавую дапамогу ад дзяржавы і з’яўляюцца бясплатнымі. Венгерскі ўрад прыняў спецыяльны закон аб Цэрквах, паводле якога Касцёл быў аддзелены ад так званых “бізнес цэркваў”, фіктыўных устаноў, якія карысталіся датацыямі, што дзяржава выдзяляе для рэлігійных супольнасцяў.

На думку біскупа Шэкелі цяперашні венгерскі ўрад бароніць прынцыповыя чалавечыя і хрысціянскія каштоўнасці і таму становіцца аб’ектам шматлікіх нападак. “Нават у Евангеллі мы чытаем, што вучняў Хрыста многія ненавідзелі”, - падсумаваў венгерскі іерарх.








All the contents on this site are copyrighted ©.