2012-01-10 12:34:48

ЗША: дапамога Касцёлу ў Лацінскай Амерыцы


RealAudioMP3 Біскупская Канферэнцыя ЗША абвясціла, што 21-22 студзеня ў краіне адбудзецца штогадовы збор ахвяраванняў прызначаных на дапамогу Касцёлу ў краінах Лацінскай Амерыкі. Ініцыятыва мае на мэце дапамогу паўднёваамерыканскім дыяцэзіям у фінансаванні іх місійных праектаў, у адукацыі і выхаванні вернікаў і катэхізацыі дзяцей. Арцыбіскуп Лос-Анджэлеса Хосэ Гомес, старшыня камісіі па справах Лацінскай Амерыкі пры епіскапаце ЗША звярнуўся з заклікам да іспанамоўных вернікаў краіны, каб тыя шчодра адгукнуліся на гэту ініцыятыву. “Гэтая акцыя павінна даць вам нагоду прадэманстраваць салідарнасць з Касцёлам у краінах з якіх вы паходзіце і паспрыяць новай евангелізацыі Лацінскай Амерыкі”, - сказаў іерарх.

У 2011 г. дзякуючы ахвяраванням амерыканскіх вернікаў стала магчымым фінансаванне 407 праектаў на агульную суму 7,1 млн. долараў, з якіх 1,8 млн былі прызначаны на адукацыю законнікаў і законніц, семінарыстаў, святароў і дыяканаў. У мінулым годзе Камісія па справах Лацінскай Амерыкі пры епіскапаце ЗША стварыла спецыяльны фонд для збору сродкаў на адбудову касцёлаў і іншых рэлігійных будынкаў, якія былі знішчаны ў выніку стыхійных бедстваў. Восенню 2011 г. біскупы ЗША прызначылі яшчэ дадатковыя 2,7 млн. долараў на 174 праекты, якія цяпер рэалізуюцца ў краінах Лацінскай Амерыкі.








All the contents on this site are copyrighted ©.