2012-01-10 12:38:12

Арцыбіскуп Тваль: мы павінны аб’ядноўваць тое, што раздзяляюць муры


RealAudioMP3 9 студзеня біскупы з краін Еўрапейскага Саюза і ЗША, у рамках сваёй пілігрымкі салідарнасці ў Ізраіль і Палестыну, сустрэліся з Лацінскім Патрыярхам Іерусаліма арцыбіскупам Фуадам Твалем. Іерарх расказаў высокім гасцям аб актуальным стане хрысціян у Святой Зямлі. “Перад радыкальнымі зменамі, якія адбываюцца на Блізкім Усходзе, рэлігійныя лідэры не могуць толькі назіраць за гэтымі здарэннямі, але павінны працаваць дзеля пабудовы мастоў і аб’ядноўваць тое, што раздзяляюць муры”, - сказаў Патрыярх Іерусаліма.

Іерарх адзначыў, што перспектывы палітычнага ўрэгулявання ізраільска-палестынскага канфлікта здаюцца яшчэ далёкімі. “Лідэры хрысціянскіх Цэркваў Святой Зямлі ў супольным паведамленні падцвердзілі сваю пазіцыю, якая адпавядае пазіцыі Апостальскай Сталіцы, і заключаецца ў тым, каб ізраільскі і палестынскі народы мелі свае дзяржавы”, - сказаў арцыбіскуп Тваль. Ён падкрэсліў, што колькасць хрысціян у Святой Зямлі павялічваецца дзякуючы эмігрантам каталіцкага веравызнання, якія прыбываюць з іншых краін і просяць палітычнага прытулку. “У Ізраіль з гэтай мэтай прыбыло больш за 220 тыс. чалавек, у асноўным з Філіпінаў, Індыі, краін Лацінскай Амерыкі і Усходняй Еўропы. Нядаўна папрасілі палітычнага прытулку каля 30 тыс. чалавек з афрыканскіх краін”, - расказаў Партрыярх Іерусаліма.

Ён падкрэсліў, што да іх трэба дадаць каля 1 млн. эмігрантаў з Расіі, з якіх каля 315 тыс. не з’яўляюцца яўрэямі. Патрыярх выказаў заклапочанасць лёсам дзяцей мігрантаў. “Мы дзейнічаем у тым накірунку, каб спрыяць захаванню іх каталіцкай ідэнтычнасці, калі дзякуючы школьнай сістэме яны пачнуць уваходзіць у ізраільскае грамадства”, - сказаў арцыбіскуп Тваль.








All the contents on this site are copyrighted ©.