ЗША: кардынал Дональд Вуэрл заклікае да евангелізацыі свету
Мітрапаліт Вашынгтонскі
кардынал Дональд Вуэрл у сваёй новай кнізе “Шукайце спачатку Божага Каралеўства. Жыццё
ў веры як выклік культуры” заклікае католікаў краіны да пошуку гэтага Каралеўства,
каб жыць ім штодня.. Іерарх звяртае ўвагу ў сваіх разважаннях на тое, што, калі верныя
паглыбяць веру, іх сэрца зменіцца, і калі падзеляцца дасведчаннем веры з іншымі, могуць
змяніць супольнасць, народ і цэлы свет.
У кнізе кардынал Вуэрл піша аб закліку
Бэнэдыкта ХVI да новай евангелізацыі. Папа заклікае вернікаў прыносіць веру тым, якія
пакінулі Бога або ніколі яшчэ не чулі пра Добрую Навіну. “Быць у Божым Каралеўстве
- значыць быць у кантакце з Хрыстусам, а быць з Езусам, значыць быць з Ім пастаянна,
як у асаблістым, так і публічным жыцці, у працы і па-за ёю”, - напісаў іерарх. Мітрапаліт
Вашынгтонскі адзначыў. што паняцце Каралеўства з’яўляецца сутнасцю евангельскага паслання.
“Як сказаў Святы Айцец, выраз “Божае Каралеўства” 122 разы узгадваецца ў Новым Запавеце,
з чаго 90 разоў гаворыць аб ім Езус”, - адзначыў кардынал Вуэрл.