2012-01-08 12:08:28

Святы Айцец перад “Анёл Панскі”: неабходна “перарадзіцца” дзякуючы веры


RealAudioMP3 8 студзеня перад малітвай “Анёл Панскі” Бэнэдыкт XVI звярнуўся да сабраных на плошчы св. Пятра ў Рыме вернікаў з заклікам “перарадзіцца” для новага жыцця дзяцей Божых, дзякуючы веры і сталенню ў адносінах з Айцом Нябесным. “Дарагія браты і сёстры! – сказаў Папа – Сёння мы адзначаем свята Хросту Пана. Раніцай я ўдзяліў сакрамэнт хросту 16-ці дзецям, і таму хачу прапанаваць вам кароткае разважанне аб нашым быцці дзецьмі Божымі. Перш за ўсё, будзем адштурхоўвацца ад нашага быцця проста дзецьмі: гэта фундаментальны стан, у якім прабываў кожны з нас. Прыйсцё ў свет ніколі не з’яўляецца нашым выбарам, і нас ніхто не пытаецца ці хацелі б мы нарадзіцца. Але на працягу жыцця, мы можам рабіць больш сталымі нашы адносіны да жыцця: мы можам прымаць яго, як дар, і ў пэўным сэнсе “стаць” тымі, кім з’яўляемся: стаць дзецьмі. Гэты пераход азначае наша сталенне і сталенне ў адносінах да нашых бацькоў, якія напаўняюцца ўдзячнасцю. Гэты пераход робіць нас таксама здольнымі быць бацькамі – не толькі біялагічна, але і маральна.

Таксама ў адносінах да Бога мы з’яўляемся дзецьмі. Бог – гэта пачатак існавання кожнага стварэння. Ён з’яўляецца Айцом для кожнага чалавека: з кожным з нас Ён мае асаблівыя і асабістыя адносіны. Кожны з нас жаданы і любімы Богам. Таксама ў гэтых адносінах з Богам мы можам, “перарадзіцца” і стаць тымі кім з’яўляемся на самой справе. Гэта адбываецца дзякуючы веры, нашаму глыбокаму і асабістаму “так” скіраванаму да Бога, як пачатку і фундаменту існавання. Праз гэту згоду, я прымаю жыццё як дар Айца, які ёсць у Небе, Стварыцеля якога не бачу, але ў якога веру і ўсім сэрцам адчуваю, што Ён Айцец мой і усіх маіх братоў людзей, Айцец незвычайна добры і верны. На чым грунтуецца гэта вера ў Бога Айца? Яна грунтуецца на Езусе Хрысце: яго асоба і гісторыя адкрываюць нам Айца, знаёмяць з Ім, наколькі гэта магчыма ў гэтым свеце. Верыць у Езуса Хрыста, Сына Божага, азначае “перарадзіцца звышыні”, гэта значыць ад Бога, які з’яўляецца Любоўю (пар. Ян 3,3). Св. Ян кажа ў адносінах да Езуса: “Тым, хто прыняў Яго, даў ўладу стаць Божымі дзецьмі” (Ян 1,12). Гэта значэнне сакрамэнта хросту: новае нараджэнне, якое адбываецца дзякуючы Святому Духу ва ўлонні Касцёла.

Дарагія сябры, гэта нядзеля Хросту Пана заканчвае перыяд Божага Нараджэння. Падзякуем Богу за гэту вялікую таямніцу, якая з’яўляецца крыніцай перараджэння для Касцёла і ўсяго свету. Бог, стаў сынам чалавека, каб чалавек стаў сынам Бога. Адновім нашу радасць быцця дзецьмі: як людзі і хрысціяне. Мы нарадзілся дзякуючы любові маці і бацькі, і перарадзіліся дзякуючы любові Бога, праз хрост. У Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Хрыста і ўсіх тых, хто верыць у Яго, папросім дапамогі, каб жыць па-сапраўднаму як дзеці Бога, не толькі на словах, але і на справах. Св. Ян пісаў: “А запаведзь Яго такая, каб мы верылі ў імя Сына Ягонага Езуса Хрыста і любілі адзін аднаго, як Ён загадаў вам” (1 Ян 3,23).








All the contents on this site are copyrighted ©.