2012-01-08 14:12:31

Куба: пачаўся Юбілейны марыйны год


RealAudioMP3 На Кубе пачалася падрыхтоўка да святкавання 400-годдзя адшукання статуэткі Найсвяцейшай Панны Марыі з Карыдад дэль Кобрэ. У сувязі з набліжаючайся ўрачыстасцю, кубінскія біскупы абвясцілі пачатак спецыяльнага юбілейнага года. 7 студзеня, прадстаўнікі кубінскага епіскапата цэлебравалі св. Імшу ў гэтым марыйным санктуарыі. Асаблівую ўрачыстасць святкаванні набудуць дзякуючы візіту Бэнэдыкта XVI на карыбскі востраў, які пройдзе 26-28 сакавіка.

У інтэрв’ю агенству “Aci Prensa” генеральны сакратар Канферэнцыі Біскупаў Кубы арцыбіскуп Хуан дэ Дзіас Хернандэз, падкрэсліў, што Юбілейны год з’яўляецца момантам вялікай сустрэчы з Богам праз Панну Марыю. Іерарх адзначыў, што візіт Папы на востраў будзе “сапраўдным благаслаўленнем” і нагадаў дэвіз гэтага падарожжа: “Пілігрым любові”. Арцыбіскуп Хернандэз падкрэсліў, што толькі “любоў здольная аб’яднаць кубінскі народ незалежна ад поглядаў і веравызнання людзей”.

7 снежня 2011 г., абвяшчаючы Юбілейны год, біскупы Кубы адзначылі, што статуэтка Панны Марыі з Карыдад дэль Кобрэ, з’яўляецца “выразам кубінскай душы, як паказалі 400 гадоў гісторыі”. “Куба мае патрэбу ў радасці веры і Панна Любові прыйшла да сваіх дзяцей каб тыя, хто аддаліўся ад Бога маглі вярнуцца да Яго. А тыя, хто засталіся цвёрдымі ў хрысціянскай веры маглі працягваць узрастаць у сваёй дзейнасці, на карысць адзінства, праўды і любові паміж тымі, хто складае адзін народ, перамагаючы цяжкасці заўсёды памятаючы аб павазе адзін да аднаго”, - адзначаецца ў пасланні кубінскага епіскапата.








All the contents on this site are copyrighted ©.