2012-01-06 11:01:41

Святы Айцец: тры каралі адкрылі народам шлях да Бога


RealAudioMP3 6 студзеня, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана Бэнэдыкт XVI узначаліў св. Імшу, якая адбылася ў Ватыканскай базыліцы ў прысутнасці шматлікіх кардыналаў, біскупаў, святароў і свецкіх вернікаў. Падчас літургіі Святы Айцец удзяліў біскупскае пасвячэнне двум новым ватыканскім дыпламатам: арцыбіскупу Чарльзу Браўну, Апостальскаму нунцыю ў Ірландыі і арцыбіскупу Марэку Сальчынскаму, Апостальскаму нунцыю ў Грузіі і Арменіі. Сённяшняя біскупская сакра, якую Бэнэдыкт XVI удзяліў у якасці Намесніка св. Пятра, была ўжо чацьвёртай за час яго Пантыфіката. Падчас св. Імшы, Папа прамовіў гамілію, у якой падкрэсліў, што пілігрымка мудрацоў, якія адны з першых прыбылі да стаенкі з наванароджанным Хрыстом, стала пачаткам шляху ўсяго чалавецтва да Бога. Бэнэдыкт XVI адзначыў, што сённяшняе ўдзяленне біскупскай сакры, скіроўвае да таго, каб паразважаць аб тым, кім былі мудрацы, якія, як пастыры, адкрылі народам шлях да Бога.

“Яны былі людзьмі мужнымі і пакорнымі: можам сабе ўявіць, колькі яны вытрымалі насмешак і цяжкасцяў, пакуль ішлі да караля Юдэйскага. Для іх не было важным тое, што казалі аб іх іншыя, нават людзі ўплывовыя і адукаваныя. Для іх была важнай сама праўда, а не меркаванні людзей”, - сказаў Святы Айцец.

Папа адзначыў, што і біскупы павінны быць такімі людзьмі, для якіх важней за справы і меркаванні гэтага свету павінна быць унутраная блізасць з Богам і ўсё большая любоў да Яго. Узгадваючы словы св. Аўгустына Пантыфік заклікаў вернікаў мець сэрца, якое будзе неспакойным пакуль не знойдзе Бога, а таксама адзначыў, што і сэрца Бога з’яўляецца неспакойным пакуль не сустрэнецца з чалавекам. “Сэрца Бога неспакойна і таму яно ішло да нас – ў Бэтлеем, на Кальварыю, з Іерусаліма ў Галілею і аж да краю света”, - сказаў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.