2012-01-06 13:16:45

Бэнэдыкт ХVI: заходняя цывілізацыя здаецца згубіла накірунак і ідзе навобмацак


RealAudioMP3 6 студзеня Святы Айцец сустрэўся з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”. У сваім кароткім разважанні Папа сказаў, што свет не ў стане даць чалавецтву неабходнае святло, але Касцёл ахвяруе святло Евангелля ўсім людзям добрай волі, кожнай краіны і культуры. “Дарагія браты і сёстры - сказаў Папа. Сёння мы адзначаем урачыстасць Аб’яўлення Пана. Гэта вельмі старажытнае свята, якое бярэ свой пачатак на хрысціянскім Усходзе і паказвае таямніцу аб’яўлення Езуса ўсім людзям, якіх прадстаўляюць мудрацы, што прыбылі пакланіцца Каралю Юдэйскаму, які нарадзіўся ў Бэтлееме, аб чым расказвае Евангелле паводле св. Мацвея (Мц 2,1-12). Гэтае “новае святло”, якое запалілася ў ноч Божага Нараджэння (Прэфацыя пра Нараджэнне Пана 1), сёння пачынае ззяць на ўвесь свет, як зорка, нябесны знак, які прыцягнуў увагу Каралёў і кіраваў іх шляхам да Галілеі.

Для ўсяго перыяда Божага Нараджэння і Аб’яўлення Пана характэрнай з’яўляецца тэма святла, якая звязана таксама з фактам, што ў паўночным паўшар’і, пасля зімовага сонцастаяння, дзень пачынае быць даўжэйшым за ноч. Але для ўсіх народаў важнымі з’яўляюцца словы Хрыста: “Я – святло свету. Хто ідзе за Мною, той не будзе хадзіць у цемры, але будзе мець святло жыцця” (Ян 8,12). Езус гэта святло, якое з’явілася на даляглядзе чалавецтва, каб асвятляць жыццё кожнага з нас і весці ўсіх нас па шляху да канчатковай мэты нашай пілігрымкі, да зямлі свабоды і супакою, у якой мы заўсёды будзем жыць у поўным адзінстве з Богам і паміж сабой.

Аб’яўленне гэтай таямніцы збаўлення было даручана Хрыстом Касцёлу. Св. Павел пісаў: “Яна не была адкрыта сынам чалавечым у мінулых пакаленнях, так як цяпер адкрылася святым апосталам Ягоным і прарокам праз Духа. Гэта значыць, што і язычнікі з’яўляюцца сунаследнікамі і членамі аднаго цела, і саўдзельнікамі абяцання ў Езусе Хрысце праз Евангелле (Эф 3,5-6). Запрашэнне, якое прарок Ісая скіраваў да святога горада Іерусаліма, можа быць звернута і да Касцёла: “Устань, свяціся, Іерусаліме, бо прыйшло тваё святло, і слава Пана ўзышла над табою. Бо вось цемра пакрые зямлю, і змрок — народы, а Пан узыдзе над табою (Іс 60,1-2). І так, свет са сваімі рэсурсамі, не ў стане даць чалавецтву неабходнае святло. Гэта мы бачым таксама і ў нашыя дні: заходняя цывілізацыя здаецца згубіла накірунак і ідзе навобмацак. Але Касцёл, дзякуючы Божаму Слову, усё бачыць праз гэты туман. Касцёл не дае тэхнічных вырашэнняў, але трымае зрок скіраваны да сваёй мэты і ахвяруе святло Евангелля ўсім людзям добрай волі, кожнай краіны і культуры.

Гэта таксама з’яўляецца місіяй прадстаўніцтваў Апостальскай Сталіцы пры урадах дзяржаў і міжнародных арганізацый. Гэтай раніцай я меў радасць удзяліць біскупскае пасвячэнне двум новым Апостальскім нунцыям. Даручым Панне Марыі іх служэнне, а таксама евангелізацыйную дзейнасць Касцёла”.

Пасля малітвы “Анёл Панскі” Святы Айцец павіншаваў вернікаў усходняга абраду са святам Божага Нараджэння, якое яны будуць адзначаць 7 студзеня. “Няхай кожная сям’я і супольнасць напоўняцца святлом і мірам Хрыста Збаўцы”, - сказаў Бэнэдыкт ХVI.








All the contents on this site are copyrighted ©.