2012-01-05 09:23:42

Арцыбіскуп Гуджэроцці: Вацлаў Гавэл стаяў на баку хрысціянскіх каштоўнасцяў


Святая Імша за Вацлава Гавэла, памерлага першага Прэзідэнта Чэхіі, адбылася ў мінскім архікатэдральным касцёле 4 студзеня 2012 года, паведамляе сайт Каталіцкага Касцёла ў Беларусі www.catholic.by. Літургію ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. За апошняга прэзідэнта Чэхаславакіі і першага прэзідэнта Чэхіі маліўся таксама дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка, святары, прадстаўнікі пасольства Чэхіі і Славакіі і шматлікія вернікі.Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці падкрэсліў, што Вацлаў Гавэл быў палітыкам, які заўсёды бараніў правы чалавека і стаяў на баку хрысціянскіх каштоўнасцяў.

"Мы смуткуем з нагоды страты такога вялікага чалавека, палітыка, былога Прэзідэнта Чэхіі Вацлава Гавэла. Няхай добры Бог даруе яму ўсе правіны і дасць яму вечны спакой у краіне святла, радасці і вечнага шчасця", — адзначыў біскуп Антоні Дзям’янка.

Вацлаў Гавэл — апошні прэзідэнт Чэхаславакіі (1989–1992 гг.) і першы прэзідэнт Чэхіі (1993–2003 гг.) — памёр у Празе 18 снежня 2011 года.








All the contents on this site are copyrighted ©.