2012-01-04 14:26:45

Бэнэдыкт ХVI: Божае Нараджэнне просіць прыняць Хрыста


RealAudioMP3 4 студзеня Бэнэдыкт XVI сустрэўся ў зале Паўла VI у Ватыкане з вернікамі на першай ў гэтым годзе агульнай аўдыенцыі. Папа прапанаваў вернікам катэхезу аб таямніцы Божых Народзін, якую літургія гэтага перыяда прадстаўляе як таямніцу радасці і святла. Свята пачынаецца 24 снежня ўрачыстаю Вігіліяю, а завяршаецца 6 студзеня Аб’яўленнем Пана. “Гэта час разважанняў над таямніцай веры, звязанай з прыйсцем на свет Божага Сына, яго народзінамі і аб’яўляеннем у чалавечай постаці”, - сказаў Папа. “Знамянальнымі гістарычнымі здарэннямі з’яўляюцца паклон Дзіцятку пастухоў і мудрацоў з Усходу, Хрост у Ярдане і першы цуд Езуса ў Кане Галілейскай. Усе гэтыя падзеі пранікнуты радасцю”, - сказаў Пантыфік. “Божае Нараджэнне - гэта радасць, бо бачым і канчаткова пераконваемся, што Бог, які ёсць дабром, жыццём і праўдаю набліжаецца да чалавека, каб падняць яго да Сябе. Бог становіцца настолькі блізкім, што можам да Яго дакрануцца і ўбачыць. Касцёл сцвярджае гэтую невымоўную таямніцу; і літургічныя тэксты гэтага перыяду поўняцца весялосцю. Усе калядныя песні выказваюць гэтую радасць. Божыя Народзіны з’яўляюцца момантам, калі неба і зямля аб’ядноўваюцца, і розныя заявы, якія чуем пра гэтыя дні, падкрэсліваюць значнасць таго, што здарылася: Бог, які быў далёкім , стаў нам блізкім”.

Папа падкрэсліў, што калі Анёл з’явіўся пастухам, “хвала Пана асвяціла іх” ( Лк.2.9). Пантыфік адзначыў, што літургія Калядаў перапоўнена святлом. Прыйсце Хрыста рассеяла цемру, якая панавала ў свеце. Напоўніла святую Ноч нябесным ззяннем, і на аблічах людзей адлюстравалася святло славы Бога Айца. “Таксама і мы абвінутыя святлом Хрыста, запрошаныя Богам, які паказаў ззянне свайго аблічча, асвятляць нашы сэрцы і розумы”, - сказаў Святы Айцец.

“Ва ўрачыстасці Аб’яўлення Пана 6 студзеня Касцёл прапануе ўрывак, паводле прарока Ісаі вельмі знамянальны: “Ва ўрачыстасці Устань, свяціся, Ерузалем, бо прыйшло тваё святло, і слава Пана ўзышла над табою.Бо вось цемра пакрые зямлю, і змрок — народы, а Пан узыдзе над табою, і слава Ягоная з’явіцца над табою. І пойдуць народы да твайго святла, і каралі да бляску твайго ўсходу” ( Іс. 60, 1-3). Гэтыя запросіны скіраваныя да Касцёла, супольнасці Хрыста, але таксама і да кожнага з нас, каб зрабіць яшчэ больш жывым пачуццё місіі і адказнасці перад светам, каб сведчыць і прыносіць новае святло Евангелля”, - сказаў Пантыфік.

Бэнэдыкт ХVI адзначыў, што Евангелле - гэта святло, якое мы не павінны хаваць. “Касцёл не з’яўляецца святлом, але атрымлівае святло Хрыста, каб быць асветленым гэтым святлом і распаўсюджваць яго ва ўсім яго ззянні. І гэта павінна адбывацца таксама ў нашым асабістым жыцці”, - сказаў Папа. Пантыфік падкрэсліў, што час Калядаў з’яўляецца адпаведным момантам, каб спыніцца і падумаць пра тое Дзіця, Таямніцу Бога, якое сталася чалавекам у пакорлівасці і ў беднасці. “Гэта час, каб мы нанава прынялі гэтае Дзіця, якім з’яўляецца Езус Хрыстус, каб жыць яго жыццём, каб зрабіць Яго пачуцці, дзеянні, думкі - нашымі”, - сказаў Папа. Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што адзначаць Каляды значыць выказваць радасць, дзяліцца навінай, распаўсюджваць святло і сведчыць, што гэтыя народзіны Езуса далі нам багацце і мы таксама сталі носьбітамі радасці Яго і святла Бога для іншых.








All the contents on this site are copyrighted ©.