2011-12-31 18:16:13

Ватыкан: Нешпары з падзячным гімнам “Te Deum"


RealAudioMP3 31 снежня ў 17.00 Бэнэдыкт ХVI узначаліў у базыліцы св. Пятра Нешпары з урачыстым гімнам “Te Deum” на заканчэнне 2011 г. Падчас набажэнства Святы Айцец зрабіў падрахунак прамінаючага 2011 г. “Чарговы год падыходзіць да канца, і мы заўсёды чакаем Новага: з трапятаннем, пажаданнямі і чаканнямі. У свет, падзелены шматлікімі несправядлівасцямі, злом і гвалтамі, нечакана з’яўляецца радасная навіна Хрыста Збаўцы, які ў таямніцы свайго Уцелаўлення і Народзін дазваляе нам кантэмпляваць дабро і чуллівасць Бога”, - сказаў Папа. Пантыфік адзначыў, што вечны Бог увайшоў у нашу гісторыю і застаўся прысутным у асобе Езуса, які прыйшоў на зямлю, каб аднавіць чалавецтва і вызваліць яго ад граху і смерці, каб паднесці да годнасці сыноў Божых.
“Te Deum Laudamus” ( Цябе Бога славім) - узносіць Касцёл, каб на заканчэнне кожнага года мы звярталіся да Пана з падзякай за ўсе атрыманыя дабрадзействы”, - сказаў Святы Айцец.

Папа адзначыў, што ў Богу павінна закончыцца наша апошняя гадзіна жыцця, нашая гісторыя. “Забыць гэту мэту нашага жыцця - значыць ўпасці ў пустэчу, жыць без сэнсу. Таму Касцёл заклікае нас спяваць старажытны гімн “Te Deum”. Гэта гімн, поўны мудрасці многіх хрысціянскіх пакаленняў, якія адчуваюць патрэбу ўзняць свае сэрцы ва ўсведамленні, што мы ўсе знаходзімся ў руках міласэрнага Пана”, - сказаў Бэнэдыкт ХVI.

“Te Deum Laudamus” - так Касцёл Рыма дзякуе за цуды, якія Бог у ім здзейсніў і надалей ажыццяўляе, - адзначыў Святы Айцец. Папа падкрэсліў, што з сэрцам, поўным ўдзячнасці, мы падрыхтоўваемся пераступіць парог 2012 г., памятаючы аб тым, што Пан назірае за намі і падтрымлівае нас. “У гэты вечар мы жадаем даручыць увесь свет Яму. Аддаем у Яго рукі трагедыі нашага часу, маючы надзею атрымаць лепшую будучыню. Перададзім гэтыя пажаданні ў рукі Марыі, Маці Бога, “Salus Populi Romani”, - сказаў Бэнэдыкт ХVI.

Пасля Нешпараў Папа наведаў батлейку, якая знаходзіцца на Плошчы Св. Пятра. Там Пантыфік памаліўся ў маўчанні ды аглянуў мастацкія статуі Святой Сям’і і ўсю сцэну Боганараджэння Езуса Хрыста.








All the contents on this site are copyrighted ©.