2011-12-22 12:20:18

Бэнэдыкт ХVI сустрэўся з супрацоўнікамі Рымскай Курыі перад святамі Божага Нараджэння


RealAudioMP3 22 снежня Папа сустрэўся з супрацоўнікамі Рымскай Курыі напярэдадні святаў Божага Нараджэння, каб абмяняцца каляднымі пажаданнямі. У сваёй прамове да іх Святы Айцец крануў шматлікія выклікі, перад якімі стаіць сёння Каталіцкі Касцёл. “Пад канец прамінаючага года Еўропа знаходзіцца ў эканамічна-фінансавым крызісе, ў аснове якога стаіць этычны крызіс. Нават, калі такія каштоўнасці як салідарнасць, дзейнасць на карысць іншых шмат, у чым бясспрэчныя, аднак нхапае сілы, якая заахвочвала б грамадзян і сацыяльныя групы да ахвярнасці”, - сказаў Бэнэдыкт ХVI. Пантыфік запытаў, дзе знаходзіцца святло, якое магло б асвятляць нашае сумленне, нашу дабрачыннасць? “Гэта пытанні на якія нашае абвяшчанне Евангелля, новая евангелізацыя, павінны адказаць, каб пасланне сталася здарэннем, а абвяшчанне жыццём”, - сказаў Папа.

Святы Айцец адзначыў, што менавіта вялікай тэмай гэтага года, як і будучых гадоў, з’яўляецца тое, як абвяшчаць сёння Евангелле, у які спосаб вера зможа сёння стаць рэальнасцю? “Усе касцельныя здарэнні гэтага года былі звязаны з гэтай тэмай, як напрыклад апостальскія падарожжы у Харватыю, Германію, Бенін, Сусветныя Дні Моладзі ў Іспаніі”, - сказаў Папа. Святы Айцец таксама ўзгадаў і аб сваіх наведзінах Касцёла ў Італіі, як у Венецыі, Сан Мырына, Анконе, ці нядаўнюю міжрэлігійную сустрэчу ў Асізі. “Кожная з гэтых падзей мела свае акцэнты. У Германіі, краіне, якая бярэ сваё паходжанне з Рэфармацыі, экуменічнае пытанне мела асаблівае значэнне”,- сказаў Папа. Але ён запытаў, што такое рэформа Касцёла, якія яе мэты? Кажучы пра Германію, Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што ўсё менш вернікаў ходзіць там у Касцёл, таксама ўсё менш ёсць пакліканняў да святарства.

“Што ж нам рабіць? Існуюць бясцонцыя дыскусіі аб тым, што зрабіць, каб прывярнуць назад вернікаў да Касцёла. Вядома, трэба зрабіць многае, але ў адзіночку мы не вырашым праблемы. Сутнасць крызісу Касцёла ў Еўропе, гэта страта веры. Калі мы не знойдзем адказу на яго, калі вера не адновіць сваёй сілы, усе іншыя рэформы будуць неэфектыўнымі”.

Па словах Пантыфіка сустрэча ў Беніне з мясцовым радасным запалам веры была вялікім стымулам да яе абвяшчання. “Сустрэць такую веру ў людзей, гатовых да ахвярнасці, з’яўляецца выдатным лякарствам супраць стомленасці быць хрысціянамі, што мы бачым у Еўропе”, - сказаў Папа. Пантыфік адзначыў, што добрым лякарствам ад стомленасці веры былі незабыўныя Сусветныя Дні Моладзі ў Мадрыдзе. Святы Айцец падкрэсліў, што гэта была новая , жывая евангелізацыя. “Толькі вера дае нам упэўненасць у нашым жыцці. Вера робіць нас шчаслівымі ў жыцці. І гэта адзін з выдатных вопытаў Сусветных Дзён Моладзі”, - сказаў Папа.

Святы Айцец падзякаваў Богу за міжрэлігійную сустрэчу ў Асізі, якая прайшла ў клімаце ўзаемнай павагі, любові да праўды і ў сумеснай адказнасці за мір у свеце. “Мы павінны мець надзею, каб з гэтай сустрэчы нарадзілася новая гатоўнасць ў служэнні міру, згодзе і справядлівасці”, - сказаў Пантыфік. Папа таксама выказаў падзяку сваім супрацоўнікам з Рымскай Курыі, жадаючы ім благаслаўлёных святаў Божага Нараджэння і Божай дапамогі ў будучым годзе.








All the contents on this site are copyrighted ©.