Святы Айцец перад “Анёл Панскі”: дзявоцкасць Марыі асвятляе нас святлом праўды
18 снежня перад малітвай
“Анёл Панскі” Бэнэдыкт XVI заклікаў вернікаў памятаць ў гэты перадкалядны час аб таямніцы
Божага ўцелаўлення як дары Бога для чалавецтва праз Дзеву Марыю. Падчас сустрэчы з
вернікамі на Плошчы св. Пятра Пантыфік заклікаў прыняць у сябе Езуса і Яго Боскае
жыццё, што з’яўляецца зместам таямніцы чаканага ўсімі вялікага свята.
"Дарагія
браты і сёстры! - сказаў Папа.- У гэтую чацвёртую і апошнюю нядзелю Адвэнту літургія
гэтага года прадстаўляе нам Звеставанне Марыі. Сузіраючы цудоўны абраз Найсвяцейшай
Багародзіцы, калі яна атрымлівае Боскае пасланне і дае свой станоўчы адказ, мы ўнутрана
асветлены святлом праўды , якая ззяе з гэтай таямніцы. У прыватнасці, я хацеў бы коратка
спыніцца на важнасці дзявоцтва Марыі, на факце, што яна зачала Езуса, застаючыся Дзевай-нявінніцай.
Падзеям
ў Назарэце папярэднічае прароцтва Ісаі. «Вось, Дзева ва ўлонні зачне і народзіць Сына,
і дасі Яму імя: Эмануіл» (Іс. 7,14). Гэтае старажытнае абяцанне выканалася поўнасцю
ва Ўцелаўленні Сына Божага. Здзейсніўся факт, і Дзева Марыя зачала праз дзеянне Святога
Духа, значыць, самога Бога. Чалавечая істота пачынае жыць у яе ўлонні, прымае цялеснае
ўвасабленне ад Марыі, але самое Яго існаванне выключна Божага паходжання.
Ён
поўнасцю чалавек, выкарыстоўваючы біблійны сімвалізм, зроблены з пылу, але прыйшоўшы
з вышыні, з Нябёсаў. Факт, што Марыя зачынае, застаючыся дзеваю, з'яўляеецца асноўным
і для знаёмства з Езусам, і для нашай веры. Ён сцвярджае, што гэта ініцыятыва Боская
і, галоўнае, выяўляе, Хто быў зачаты. Як гаворыць Евангелле:"Таму і Святое, што
народзіцца, будзе названа Сынам Божым" ( Лк. 1.35) У гэтым сэнсе дзявоцкасць Марыі
і боскасць Езуса ўзаемна сцверджаны. Вось чаму так важна тое адзінае пытанне, якое
вельмі ўсхваляваная Марыя звяртае да анёла: "Як станецца гэта, калі я мужа не спазнала?"
(Лк. 1,34). У сваёй прастаце Марыя выяўляе мудрасць: яна не сумняваецца ў сіле Бога,
але хоча лепш зразумець Яго волю, каб у поўнай меры адпавядаць гэтай волі. Таямніца
бясконца пераўзыходзіць Марыю, але займае ідэальнае, цэнтральнае месца, якое было
прызначана. Яе сэрца і розум абсалютна пакорлівыя; і менавіта дзякуючы яе пакорлівасці
Бог чакае ад яе "так" на стварэнне гэтага дзіцяці, каб выканаць Свой план. Ён паважае
яе годнасць і свабоду. "Так” Марыі выяўляе адначасова Яе матчынасць і некранутасць,
каб усе Яе якасці паслужылі на славу Бога, і каб Сын, Які народзіцца з Яе, стаўся
поўнасцю дарам ласкі."
"Дарагія сябры, дзявоцкасць Марыі з'яўляецца ўнікальнай
і непаўторнай, але яе духоўны сэнс распаўсюджваецца на кожнага хрысціяніна. Гэтая
таямніца, па сутнасці, спалучана з верай: на самай справе, той, хто давярае сябе Боскай
любові, прымае праз дзеянне Святога Духа ў сабе Езуса і Яго боскае жыццё. Гэта таямніца
Калядаў! Я жадаю ўсім вам пражыць яе з вялікай радасцю!»
Пасля малітвы “Анёл
Панскі” Святы Айцец падзяліўся з вернікамі сваімі думкамі: «Дарагія браты і сёстры,
учора ў Мадрыдзе былі абвешчаныя благаслаўлёнымі 22 місіянеры-аблаты Марыі Беззаганнай
і свецкі чалавек, забітыя ў Іспаніі ў 1936 годзе толькі таму, што былі дбайнымі сведкамі
Евангелля. Да радасці з нагоды іх беатыфікацыі далучаецца надзея, што іх ахвяра працягвае
і сёння прыносіць шмат плёну навернення і прымірэння."
"Хачу запэўніць у маёй
блізкасці насельніцтва паўднёвых Філіпін, што пацярпелі ад трапічнага ўрагана. Малюся
за ахвяр, у асноўным дзяцей, за тых, што згубілі дамы і прапалі без вестак",- сказаў
Святы Айцец.