2011-12-17 12:48:44

“Octava Dies”: Бэнэдыкт ХVI наведае рымскую турму


RealAudioMP3 Кс. Фэдэрыко Ламбардзі з нагоды візіту Святога Айца ў рымскую турму “Рэбібія” нагадвае словы італьянскага кардынала Рэната Марціні: “турма – гэта люстэрка грамадства, месца ў якім бачныя супраціў і пакуты хворага грамадства”. Кс. Фэдэрыко Ламбардзі адзначае, што турма – гэта пакуты для вязняў і цярпенне для членаў іх сямей, а таксама праблемы для работнікаў пенітэнцыярнай сістэмы і заканадаўцаў, якія сцвярджаюць, што праблемы, што турма павінна вырашыць, астаюцца не вырашанымі, а часта становяцца яшчэ больш набалелымі. “Умовы жыцця ў турме з’яўляюцца асноўным паказчыкам узроўню цывілізаванасці краіны”, - адзначыў кс. Ламбардзі.

Італьянскі іезуіт падкрэсліў, што Касцёл добра разумее, што павінен быць прысутны ў турмах. “Гэта таксама разумеюць Пантыфікі, пачынаючы з гістарычнага візіту Яна ХХІІІ у рымскую турму “Regina Caeli” 26 снежня 1958 г., якія стукаюць у дзверы турмы, каб “наведаць зняволеных”, пагутарыць з імі, выслухаць іх праблемы і сказаць ім словы суцяшэння”, - адзначыў дырэктар нашага радыё. Ён звярнуў ўвагу на тое, што невыпадкова такія візіты адбываюцца ў перыяд Божага Нараджэння, калі мы маем патрэбу ў моцных жэстах салідарнасці і любові.

“Клопаты па прычыне эканамічнага крызісу не павінны быць апраўданнем таго, што мы забываемся аб тых асобах, якія апынуліся на краі грамадства”, - адзначыў кс. Ламбардзі. Ён падкрэсліў, што больш справядлівае і раўнапраўнае грамадства будуецца пачынаючы ад апошніх і шукаючы прымірэння сярод людзей. “18 снежня мы ўсе запрошаны прыбыць духоўна разам з Папам у рымскую турму “Рэбібія”, - адзначыў кс. Ламбардзі ў сваёй штотыднёвай рубрыцы “Octava Dies” на нашым радыё.








All the contents on this site are copyrighted ©.