"Чалавек у секулярным грамадстве". Адметнасці сапраўднай веры
Вітаю Вас, шаноўныя слухачы, у нашай чарговай перадачы, прысвечанай разважанням над
жыццём хрысціяніна ў секулярным, свецкім грамадстве. У нашых папярэдніх радыёспатканнях
мы звярнулі ўвагу на тое, што вялікім пытаннем сучаснасці з’яўляецца дыскусія аб месцы
і ролі рэлігіі ў грамадскім жыцці. Прыхільнікі секулярызма схіляюцца да меркавання,
што адносіны паміж чалавекам і Богам належыць цалкам спіхнуць у сферу прыватнага жыцця
асобы. У той жа час крытыкі выцяснення рэлігіі звяртаюць увагу на драматычныя наступствы
агрэсіўнай секулярызацыі мінулага стагоддзя. Яны сцвярджаюць, што дэхрысціянізацыя
або атэізацыя некаторых грамадстваў дала пачатак крызісным працэсам спачатку ў духоўным
жыцці, пасля - маральным, а нават і сацыяльна-эканамічным. Існуе таксама нямала прыхільнікаў
погляду, што менавіта агрэсія адносна веры ці нейкай канфесіі нагнятае радыкальныя,
небяспечныя настроі сярод людзей з нізкай духоўнай культурай. Гэта можа спрыяць выкарыстанню
рэлігійнага фактару ў распальванні канфліктаў і тэрарыстычнай дзейнасці.
Здаецца,
сёння мы жывём у часы, калі многія людзі ўсведамляюць гістарычную праўду аб тым, што
нягледзячы на спробы пераследу і выцяснення, рэлігія працягвае адыгрываць важную ролю
як у прыватным, так і ў грамадскім жыцці чалавека. У сувязі з гэтым многія сучасныя
мысліцелі спяшаюцца акрэсліць XXI стагоддзе як эпоху адраджэння рэлігійнасці, новае
сярэднявечча, постсекулярны век.
У межах нашых разважанняў мы не шукаем нейкіх
ацэнак сучаснай эпохі, але стараемся прыгледзецца да таго, як і чым жыве хрысціянін
у супярэчлівых умовах сённяшняга часу. Менавіта таму ў папярэдняй перадачы мы паспрабавалі
дыягназаваць стан духа сучасных вернікаў. Назіраючы за рэлігійнай свядомасцю і практыкай,
нам удалося выдзяліць пяць катэгорый веруючых людзей, пачынаючы ад глыбока перакананых
і заканчваючы змагарамі супраць веры.
Сёння я хацеў бы запрасіць вас засяродзіць
увагу на першай з выдзеленых намі катэгорый вернікаў. Да яе належаць асобы, якія ў
звычайным жыцці акрэсліваюцца як “глыбока веруючыя”, “сапраўдныя хрысціяне”. Яны не
толькі свядомыя вызнаўцы Езуса Хрыста, але выражаюць гэта ў канкрэтнай рэлігійнай
практыцы, канкрэтных учынках. Аналізуючы тоеснасць глыбока веруючых католікаў,
можна выдзеліць у іх рэлігійным жыцці дзве асноўныя прыкметы. Гэта вернасць і трываласць.
Вернасць з’яўляецца дынамічным элементам веры. Яна выражаецца ў скіраванасці, памкненні,
якое мае перадусім міжасабовы характар. Сапраўдная вернасць – гэта вернасць адносна
кагосьці. Таму каталіцкая вернасць – гэта перадусім вернасць Богу як Асобе Айца, Сына,
Духа. Гэта таксама вернасць бліжняму, іншаму чалавеку. Гэта вернасць сабе, сваёй ідэнтычнасці.
Вернасць
вельмі моцна пераплятаецца з трываласцю. Калі мы гаворым пра трываласць, то маем на
ўвазе тыя прынцыпы, фундаменты, на якіх трымаемся, якія забяспечваюць нам стабільнасць
і непахіснасць. Таму трываласць, у адрозненні ад вернасці, можна назваць элементам
статычным, нязменным. У рэлігійнай сферы яна выражаецца ў будаванні свайго жыцця на
асновах вучэння Бібліі і Касцёла, выкананні Божых і Касцёльных запаведзяў, захаванні
норм хрысціянскай веры і маралі. Тут заўважаем яшчэ адно адметнае адрозненне паміж
вернасцю і трываласцю. Калі вернасць датычыць кагосьці, асобы, то трываласць адносіцца
да чагосьці, да прынцыпаў.
Верны католік будуе сваё жыццё на падмурках вернасці
і трываласці. Менавіта ў іх святле належыць разглядаць свядомасць і практычнае выражэнне
веры.
Калі гаварыць пра змест рэлігійнасці вернага і трывалага католіка,
то перадусім варта падкрэсліць ролю адкрытасці і жаданне пазнаваць. Як паўтаралі многія
старажытныя Айцы Касцёла, сапраўдны хрысціянін – гэта не той, хто стварае, прыдумвае,
але той, хто перадусім адкрывае. Сур’ёзная вера – гэта жаданне адкрыць дар і таямніцу
асобаў Бога, бліжняга, самога сябе. Гэта ўменне не толькі пазнаваць, але і намаганне,
каб зразумець сэнс і значэнне кожнага Божага дару, Яго волі, Яго плану. А вяршыняй
свядомай веры становіцца прыняцце пазнаных праўдаў веры як сваіх асабістых, прыняцце
Божай мудрасці і волі з асабістым перакананнем. У звычайным жыцці такіх людзей называюць
перакананымі хрысціянамі.
Вера свядомая і прынятая з перакананнем натуральным
чынам імкнецца да самавыражэння ў рэлігійнай практыцы, літургіі, сведчанні перад іншымі
людзьмі. Сучасны католік, уваходзячы ў супольнасць святога Касцёла, сустракаецца з
багаццем яго знешніх выразаў і сімвалаў. Свядомая вера патрабуе пазнавання, адкрыцця
сэнсаў, адлюстраваных у сімвалах, літургіі, традыцыі і звычаях Касцёла. Гэтае багацце
можна адкрыць між іншым святкуючы па-хрысціянску Божае Нараджэнне. У сувязі з набліжэннем
гэтых прыгожых святаў, якія заахвочваюць нас схіліцца перад таямніцай Божай Любові,
хочацца пажадаць вам, шаноўныя радыёслухачы, вернасці Богу і трываласці ў веры Касцёла.
Няхай узрастае нашая хрысціянская свядомасць, а практычнае сведчанне аб Хрысце, няхай
спрыяе ўмацаванню духоўнай ідэнтычнасці кожнага, каго Бог паставіць на нашым жыццёвым
шляху.