2011-12-17 11:24:42

У Беларусі адраджаюць званы (інтэрв’ю)


RealAudioMP3 У Беларусі адраджаюць званы. Рэнесанс гэтага мастацтва пачаўся толькі ў 90-я гады прошлага стагоддзя. Менавіта тыя часы сталі выбрабаваннем як для Касцёла. Да пачатку Другой сусветнай вайны Беларусь пазбавілася 70% званоў. Усё пачалося ў 1914 г., калі Мікалай ІІ абвясціў аб дэмабілізацыі, а потым – вывазе дзяржмаёмасці па ваенных абставінах. У 1915 г. віленскія газеты абвясцілі аб зняцці калакалоў з усіх хрысціянскіх храмаў, каб вораг не мог імі скарыстацца. Складаную але захапляльную гісторыю званоў у Беларусі вывучае Алена Шацько, сама званар і член Ассацыяцыі калакольнага мастацтва Расіі. Яна пагадзілася адказаць нашаму радыё на некалькі пытанняў.

Алена, калі пачаўся і як праходзіў вываз калакалоў з тэрыторыі Беларусі?

Гісторыя эвакуацыі каталіцкіх званоў падрабязна апісана ў кнізе Міхала Брэнштэйна “Очерк истории колоколо-литейного производства на землях бывшего ВКЛ” 1924 г. У ёй распавядаецца, што адміністратар Віленскай дыяцэзіі ксёндз Казімір Міхалькевіч у тайным указанні духавенству на выпадак ваенных дзеянняў раіў захоўваць каштоўнасці ў адным месцы, абраць са сваіх парафіянаў самых пабожных, якія б захоўвалі таямніцу аб тым, дзе знаходзяцца схаваныя касцёльныя каштоўнасці.

Каталіцкае насельніцтва Вільні да весткі аб вывазе званоў паставілася варожа. Баючыся падвяргаць небяспецы мужчын, жанчыны авалодалі званіцамі і арганізавалі дзяжурства, няспынна звонячы ў званы. Міхал Брэнштэйн піша, што некалькі дзён па горадзе разносіўся балючы стогн медных званоў, кранаючы да глыбіні душы. Але стомленасць ўзяла верх, і ваенныя ўлады праз тыдзень без працы пераадолелі супраціў. Зняццю і вывазцы званоў спадарожнічаў плач натоўпу. Пакуль у адных касцёлах званы вывозілі, у іншых ксяндзы канспіратыўным спосабам закопвалі іх на могілках, агародах, хавалі ў касцёльных сутарэннях. Падчас эвакуацыі і панікі гэтыя дзеянні не былі заўважаныя і ў Вільні ўдалося захаваць званы ў некаторых касцёлах. Але праз год, калі ў Вільню прыйшла нямецкая армія, гэтыя званы былі выяўленыя і канфіскаваныя.

Насталі часы, калі можна было вярнуць званы ў храмы? І хто займаўся гэтым?

У выніку нашай працы ў 2006 г. у архіве новых дакументаў у Варшаве былі выяўлены раней невядомыя факты аб тым, як у 1920-я гады адбывалася рэвакуацыя званоў з Расіі і Германіі праз Варшаву ў некаторыя гарады Заходняй Беларусі. Пасля падпісання 3 сакавіка 1918 г. Брэсцкага трактату аб міры паміж Савецкай Расіяй і Германіяй частка Беларусі апынулася пад нямецкай акупацыяй. Захопнікі пачалі вываз каштоўнасцяў, у тым ліку і званоў. Для іх вяртання у 1920-я гады трэба было падаць цэлы шэраг дакументаў. Рэвакуацыйная камісія ў Варшаве збірала інфармацыю аб званах, інфармавала касцёлы аб прыходзе іх на склад.

Для многіх парафій аплаціць вяртанне званоў было немагчыма. Таму вернікі і святары з Беларусі пісалі лісты прэзідэнту рэвуакацыйнай камісіі ў Варшаве з просьбай вярнуць званы. 8 лютага 1922 г. быў складзены акт аб перадачы ўпаўнаважанаму касцёла в. Узда 9 званоў. Невядома, як потым склаўся іх лёс. Магчыма, яны былі канфіскаваны савецкай уладай у 1929 г. для індустрыялізацыі. Да 1933 г. практычна ўсе храмы Беларусі засталіся без гука. Так, ксёндз Карнаус з мястэчка Радлаў, 18 верасня 1923 г. пісаў: касцёл – сэрца Тарноўскай парафіі быў спалены ў 1915 г., а званы вывезлі немцы. З дапамогай Божай мы адбудавалі касцёл, але адліць новыя званы няма сродкаў. Вось ужо 8 гадоў у нас ціха і журботна. Ад імя бедных вернікаў звяртаемся з просьбай атрымаць звон з дзяржаўных складоў. Тыя касцёлы, якія не маглі вярнуць свае званы па розных прычынах, мелі магчымасць набыць іх у г. Кауш і нават запрашалі майстроў адліваць званы непасрэдна каля касцёлаў. Такая магчымасць захавалася да 1939 г. – да пачатку Другой сусветнай вайны.

А як падчас Другой сусветнай вайны захопнікі паступалі са званамі?

У гады вайны званы зноў зацікавілі захопнікаў. У Беларусі ў 1941-42 гг. былі арганізаваны пункты добраахвотнага збору медзі для дапамогі нямецкай арміі. Па заканчэнні вайны многія касцёлы Заходняй Беларусі спасціг той жа лёс, што і Усходняй – яны былі разграблены і канчаткова знішчаны.

У 2006 г. Вы здзейснілі экспедыцыю па ўсёй краіне і сабралі вялікі матэрыял, невядомы шырокай публіцы. Паведамце аб цікавых выпадках ратавання званоў?

Нам сталі вядомыя шматлікія факты ратавання званоў. Напрыклад, жыхар в. Забрэззе Валожынскага р-ну Мінскай вобл. па веравызнанні католік Фраловец Франц Францавіч распавёў, што яго бацька выратаваў звон свайго роднага касцёла. У экспедыцыі мне ўдалося пагаварыць з Францам Францавічам. Побач з касцёлам у перадсавецкі час стаяла званіца. На ёй было 3 званы. Мясцовыя ўлады знялі іх і паклалі ў школьны хлеў, каб потым здаць на металалом. Яго бацька Франц Станіслававіч і 2 суседы змовіліся, напаілі вартаўніка і скралі званы. 2 маленькіх утапілі ў балоце, а вялікі быў вельмі цяжкі, і яны яго схавалі ў яме для бульбы насупраць дома дырэктара школы, думалі, што не знойдуць. На наступны дзень прыехалі следчыя з сабакам, 2 званы знайшлі ў балоце, а трэці, паколькі падчас хавання зямля каля яго была пасыпана махоркай, не знайшлі. Ноччу яны перацягнулі звон да сябе ў яму са смеццем. Прайшло 40 гадоў і сам Франц Францавіч ўжо не верыў, што гэты звон там ёсць. У 2000 г. пабудавалі ў в. Забрэззе касцёл, і ў нядзелю жанчыны ішлі са св. Імшы. Франц Францавіч спытаў, ці не грэшна сёння раскапаць звон? Пасля сцвярджальнага адказу, сказаў “Божа дапамажы” і стаў капаць. Звон быў страшнага пачарнелага колеру. На ім быў бачны надпіс “Ад ксяндза Міхала для Забрэзскага касцёла”. Ён і цяпер вісіць разам з двума новымі званамі, на радасць парафіянаў.

Ці адбываецца адраджэнне калакольнага мастацтва ў Беларусі?

Слава Богу, адраджэнне ідзе. Але чым старэйшы звон, тым цікавейшы ён, з ім звязана цэлая гісторыя, лёс чалавека…

Размаўляла Ларыса Абрамчук







All the contents on this site are copyrighted ©.