2011-12-16 12:07:51

Святы Айцец скіраваў пасланне на Дзень міру 2012 г. (сінтэз)


RealAudioMP3 16 снежня было апублікавана пасланне Святога Айца на Дзень міру, які будзе адзначацца 1 студзеня. Сёлета яно адрасавана асаблівым чынам да моладзі, бацькоў, сем’яў і ўсіх, хто працуе ў галіне выхавання і адукацыі, а таксама лідэраў ў розных сферах: рэлігійнай, грамадскай, палітычнай, эканамічнай, культурнай, сродкаў масавай інфармацыі. Пасланне складаецца з уступнай часткі і пяці наступных пунктаў, кожны з якіх мае сваю тэму: зварот да выхавацеляў; выхаванне да праўды і свабоды; адукацыя ў сферы юстыцыі; выхаванне да міру; узняць вочы да Бога.

Ва ўступе адзначаецца, што адукацыя з’яўляецца і правам (універсальным і не залежным ад гендэрнага, рэлігійнага або сацыяльнага становішча), і абавязкам (бацькоў, грамадства і адрасатаў адукацыйнага працэсу). Сапраўднае выхаванне – гэта “выхаванне ў праўдзе і свабодзе”, крыніцай якога з’яўляецца Бог. Гэта ўключае ў сябе, па сутнасці, адукацыю да адказнага выкарыстання свабоды, якая мае “вырашальнае значэнне для распаўсюджвання справядлівасці і міру, якія патрабуюць павагі да сябе і іншых”.

У пасланні адзначаецца, што бацькі з’яўляюцца першымі педагогамі: сям’я – гэта “першая школа” выхавання ў сферы справядлівасці і міру. Адказныя за адукацыйныя ўстановы маюць абавязак забяспечыць, каб дзеці маглі атрымліваць адукацыю згодна з прынцыпамі сумлення, якія вызначыла іх сем’я. Палітычныя лідэры павінны працаваць над тым, каб гарантаваць доступ да адукацыі, падтрымліваць сем’і і адукацыйныя ўстановы ў іх місіі і забяспечыць, каб сем’і мелі магчымасць і права выбраць тыя ўстановы, якія яны лічаць найбольш адпаведнымі для сваіх дзяцей. (1)

У сваім пасланні на Дзень міру Бэнэдыкт XVI звяртае ўвагу на тое, што справядлівасць з’яўляецца ні проста вынікам дамоўленасці паміж людзьмі. Крытэрый справядлівасці – гэта цэласнае бачанне чалавека. Такое бачанне дазваляе нам адмовіцца ад “дагаворнай” канцэпцыі справядлівасці і дае магчымасць убачыць справядлівасць на гарызонце салідарнасці і любові. (2)

“Для таго, каб быць сапраўднымі міратворцамі, - звяртае ўвагу Папа - мы павінны выхоўваць сябе ў спагадзе, салідарнасці, сумеснай працы, братэрстве, мець актыўную грамадскую пазіцыю, паводле сумлення вырашаць нацыянальныя і міжнародныя пытанні і шукаць адэкватныя механізмы размеркавання багацця, падтрымання росту, супрацоўніцтва ў мэтах развіцця і рашэння канфліктаў”.

“Мір для ўсіх з’яўляецца плёнам справядлівасці кожнага, і ніхто не можа ўхіляцца ад гэтай найважнейшай задачы садзейнічання справядлівасці, у адпаведнасці са сваёй кампетэнцыяй, робячы гэта адказна”. (3)

Папа звярнуў таксама ўвагу на ролю СМІ ў працэсе выхавання. “У сучасным грамадстве, - напісаў Пантыфік - сродкі масавай інфармацыі граюць асаблівую ролю: яны не толькі інфармуюць, але таксама фарміруюць дух сваёй аўдыторыі, і таму яны могуць унесці істотны ўклад у выхаванне моладзі. Важна ніколі не забывацца, што сувязь паміж выхаваннем і камунікацыяй надзвычай моцная: выхаванне адбываецца пасродкам адносін, якія могуць станоўча або адмоўна ўплываць на фарміраванне асобы”.

Святы Айцец звярнуўся таксама да моладзі. “Маладыя людзі таксама павінны мець мужнасць жыць тымі ж высокімі стандартамі, якія самі ўстанаўліваюць для іншых. - напісаў Папа - На іх ляжыць вялікая адказнасць. Няхай яны знойдуць сілы, каб добра і разумна выкарыстаць сваю свабоду. Яны таксама нясуць адказнасць за сваё выхаванне, у тым ліку да справядлівасці і міру”.

Пасланне завяршае заклік Святога Айца да маладых людзей не паддавацца апатыі, не шукаць лёгкіх рашэнняў складаных праблем. “Не бойцеся выбіраць шляхі, якія патрабуюць вернасці і сталасці, сціпласці і адданасці справе. Будзьце ўпэўненыя ў сваёй маладосці і сваім глыбокім жаданні шчасця, праўды, прыгажосці і сапраўднай любові! Жывіце поўным жыццём, пазначаным энтузіязмам”, - напісаў Бэнэдыкт XVI у заключэнні свайго паслання на сёлетні Дзень міру.







All the contents on this site are copyrighted ©.