2011-12-16 14:34:45

Святы Айцец скіраваў пасланне да Прэзідэнта Кот д’Івуара


RealAudioMP3 16 снежня арцыбіскуп Аброзэ Мадта, Апостальскі нунцый у Кот-д’Івуары, перадаў пасланне Бэнэдыкта XVI Прэзідэнту краіны Аласану Уатара. Папа звяртаецца з просьбай аб міласэрднасці да палітзняволеных, вялікая колькасць якіх з’явілася як вынік паслявыбарчага крызісу ў краіне. Размова нунцыя з кіраўніком дзяржавы працягвалася каля сарака хвілін. Выступаючы пасля сустрэчы перад журналістамі, арцыбіскуп Мадта сказаў, што пасланне Пантыфіка ўтрымлівае надзею на міласэрнасць адносна членаў папярэдняга кіраўніцтва, якія знаходзяцца ў турме на поўначы краіны.

Апостальскі нунцый павіншаваў Аласана Уатара з вынікамі парламенцкіх выбараў 11 снежня і выказаў заклапочанасць Святога Пасаду нападамі на касцёлы і манаскія дамы.

Прэзідэнт, у сваю чаргу, заявіў, што пытанне палітзняволеных будзе вырашацца з прэм’ер-міністрам і адпаведнымі міністэрствамі. Што тычыцца культавых будынкаў, кіраўнік Кот д’Івуара паведаміў, што ўрад ужо прыняў неабходныя меры для арганізацыі бяспекі, асабліва ў сувязі з урачыстасцю Божага Нараджэння і Новым годам.








All the contents on this site are copyrighted ©.