2011-12-16 18:47:09

"З сэрцам у кантакце". Адрозніваць добро ад зла


У папярэдніх перадачах я распавёў пра каталог васьмі благіх думак-помыслаў Евагрыя Панційскага. Аднак недастаткова толькі ведаць пра благія думкі, але яшчэ больш важным з’яўляецца здольнасць такія думкі распазнаваць... І пра гэта наша сённяшняя перадача, у якой я карыстаюся дапамогай кнігі кардынала Томаша Шпідліка “Мастацтва ачышчэння сэрца”.

Каталог васьмі благіх думак Евагрыя Панційскага ёсць чымсці накшталт фундаментальнага падручніка хрысціянскай маральнасці. Гэты падручнік імкнецца пералічыць усе выпадкі, у якіх іх мы маем дачыненне да граху “аб’ектыўнага”.

Не ўсе аднак думкі, што прыходзяць нам у галаву, ёсць ясна акрэсленымі. Прасунутыя ў духоўным жыцці аўтары заўважаюць, што дэман вельмі часта прыходзіць пад постацю анёла святла (Пар. 2 Кар 11, 14) і, спасылаючыся на дабро, падманвае нас.

Вось, напрыклад, нейкі помысл напачатку нам падаецца добрым, і толькі потым, дзякуючы вопыту стаецца бачным, што ён вядзе нас да зла. Святому Ігнату Лайоле пасля яго навяртання здавалася, што гэта святая рэч – практыкаваць радыкальны пост, а ў выніку ён набыў сур’ёзную хваробу страўніка. Сьвяты зразумеў, што даў сябе падмануць, не распазнаўшы падману, які хаваўся пад фальшывым выглядам дабра. Здарылася гэта таму, што ягоная душа, як сам ён пра гэта казаў, была яшчэ неспрактыкаваная ў мастацтве духоўнай барацьбы.

Як навучыцца адрозьніваць дабро ад зла?

Духоўныя аўтары раяць параўноўваць нашыя ўнутраныя помыслы з радамі духоўнага айца. У людзей вопытных у духоўным жыцці абвастраецца пэўнае пачуццё, якое дазваляе ім разрозніць думку анёльскую ад дэманічнай думкі, быццам “па паху”.

Пэўны чалавек сказаў: “Напачатку размовы я не звяртаю ўвагу на змест таго, што хтосьці мне гаворыць, але хутчэй прыслухоўваюся да яго голасу. Таму, мяне рэдка падманвалі прыгожымі словамі: я ўжо па голасу навучыўся адчуваць, наколькі праўдзіва гаворыць асоба, якую я слухаю”. Цікава, што падобным чынам можна назіраць і думкі, якія наведваюць нас.

Святы Ігнат гаворыць пра правіла “вышэйшага разпазнавання духаў”, якое падыходзіць тым, якія ўжо ў нейкай ступені прасунуліся ў духоўным жыцці. У такіх выпадках менш звяртаецца ўвагі на сам змест наказу, але на тое, у якой форме гэты наказ прадстаўляецца душе чалавека. Дакладна такім чынам і святы Антоні навучыўся распазнаваць духі, назіраючы розныя псіхічныя станы, якія выклікаюцца рознымі думкамі.


Тое, што разбурае, паходзіць ад д’ябла...


Гэтае правіла нельга застасоўвываць механічна. Больш таго перажыванае намі пачуццё “разбурэння” можа быць вельмі дэлікатным, амаль незаўважным... Святы Ігнат гаворыць: “У тых, хто ўсходзіць ад добрага да лепшага, добры анёл дзейнічае салодка, лёгка і лагодна, як кропля вады, што капае на губку, злы анёл жа дзейнічае гвалтоўна, галасліва і з непакоем, як кропля вады, што падае на камень”.

Неабходна прасачыць развіццё думкі. Ігнат апісвае гэта так: “Нам належыць звяртаць пільную ўвагу на развіццё думак. Калі іх пачатак, сярэдзіна і канец – добрыя, і калі да дабра схіляюць, то гэта знак добрага анёла. Калі аднак напрыканцы развіцця думкі канчаткова вынікае зло, збянтэжанасць ці меньшае дабро, чым тое, што душа перад гэтым мела намер даканаць, або, калі гэта аслабляе ці непакоіць душу, або ўводзіць яе ў смуту і пазбаўляе яе міру, цішы і супакою – гэта выразны знак, што паходзіць яна ад злога анёла, ворага нашага росту і вечнага збаўлення”.


Наколькі нам шкодзяць думкі, якія нас бянтэжаць?


Расейскі духоўны аўтар Феафан Затворнік ацэньвае сувора такія думкі, а таксама і пустыя фантазіі. Ён лічыць, што яны могуць быць больш шкодныя, чым выразна акрэсленыя благія думкі. Паводле Феафана недапушчальна, каб хрысціянін дазваляў фантазіям і благім думкам адцягваць сваю ўвагу.

Колькі ж каштоўнага часу мы губляем, фантазуючы пра непатрэбныя рэчы! Пра некаторыя асобы гаворыцца, што яны засяроджаныя да такой ступені, што нават не ўсведамляюць сабе пра што ідзе мова. Феафан каментуе гэта іранічна: “Яны засяроджаныя, так... Але на глупствах!”. Вось чаму, калі нават у некаторых выпадках няма выразнай спакусы да злога, то застаецца праўдай, што ёсць небяспека змарнаваць шмат каштоўнага часу. Больш таго: за гэтым ідзе пачуццё пусткі ў сэрцы, і нарастаючая меланхолія, якая аслабляе моц душы.








All the contents on this site are copyrighted ©.