2011-12-16 13:51:14

Бэтлеемскі агонь сёння пачне падарожжа па Беларусі


RealAudioMP3 Бэтлеемскі агонь 16 снежня пачне падарожжа па Беларусі – беларускія і расійскія скаўты прымуць міжнародную эстафету “Бэтлеемскі агонь міру і сяброўства” на беларуска-польскай мяжы, паведамілі ў Гродзенскай дыяцэзіі. Агонь ад нязгаснай лампады ў базыліцы Нараджэння Хрыста ў Бэтлееме ўжо 25 гадоў падарожнічае па свеце перад Божым Нараджэннем. Каталіцкі Касцёл у Беларусі прымае ўдзел у эстафеце ў 12-ы раз.

Першым беларускім храмам на шляху агню з Бэтлеема стане катэдральны касцёл у Гродна, дзе з гэтай нагоды адбудзецца адмысловае набажэнства. Ён застанецца тут на працягу двух тыдняў, католікі і прадстаўнікі іншых канфесій змогуць прыйсці сюды, каб запаліць свечку або лампаду і аднесці яе дадому.

У мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі і іншыя парафіі сталіцы агонь даставяць 17 снежня. Адсюль моладзь з іншых беларускіх гарадоў адвязе агонь у свае парафіі.

Традыцыя Бэтлеемскага агню нарадзілася ў 1986 г. у аўстрыйскім горадзе Лінц. Першапачаткова мерапрыемства планавалася як акцыя з мэтай падтрымкі дзяцей-інвалідаў і ўсіх, хто мае патрэбу ў дапамозе і ўвазе. Ідэю тут жа перанялі еўрапейскія скаўты. Кожны год яны бяруць агонь ў месцы нараджэння Езуса Хрыста і дастаўляюць яго на самалёце ў Аўстрыю. Пасля ўрачыстасцяў у архікатэдральным касцёле Вены агонь перадаецца ў іншыя краіны.







All the contents on this site are copyrighted ©.