2011-12-16 12:16:56

Бэнэдыкт XVI падзякаваў украінцам за святочную ёлку


RealAudioMP3 16 снежня Бэнэдыкт XVI сустрэўся з экуменічнай дэлегацыяй, якая прыбыла з Украіны, з нагоды адкрыцця святочнай ёлкі на плошчы св. Пятра. Яна прыбыла ў гэтым годзе з украінскага Закарпацця. У склад афіцыйнай дэлегацыі ўвайшлі грэка-каталіцкі архіепіскап Святаслаў Шаўчук і рыма-каталіцкі арцыбіскуп Мечыслаў Макшыцкі. Украінскую Праваслаўную Царкву Маскоўскага Патрыярхату на сустрэчы прадстаўляў архіепіскап Аляксандр (Драбынка). Акрамя таго на аўдыенцыі ў Пантыфіка былі прадстаўнікі свецкіх уладаў Украіны на чале з намеснікам прэм’ер-міністра Барысам Калеснікавым.

Папа звярнуўся да прысутных з прамовай, у якой падзякаваў за святочную ёлку “што ўпрыгожвае плошчу св. Пятра” і “выклікае захапленне жыхароў Рыма і шматлікіх пілігрымаў, якія прыбываюць з усіх куткоў свету”. Святы Айцец адзначыў, што ёлка, мае сімвалічнае значэнне: з аднаго боку яна нагадвае аб Божым Нараджэнні, а з іншага, з’яўляецца сімвалам народнай рэлігійнасці украінцаў і хрысціянскіх каранёў мясцовай культуры, “якія павінны ўмацоўваць нацыянальнае адзінства”.

Папа нагадаў, што сучасная эпоха патрабуе святых хрысціян, якія будуць з энтузіязмам жыць сваёй верай. “Як неабходна адкрыць нанава смак малітвы! – сказаў Пантыфік – Мы павінны быць вельмі ўважлівымі, каб не дазволіць прыгнесці сябе хуткаму жыццёваму рытму, які перашкаджае нам увайсці ў саміх сябе і стаць перад абліччам вялікай таямніцы Бога, які жыве ў нашых сэрцах!”

Бэнэдыкт XVI заклікаў памятаць аб тым, што святочныя ёлка і яслі, з’яўляюцца духоўнай спадчынай і адпавядаюць атмасферы рэлігійнасці і сямейнай блізкасці, якую трэба захаваць у сучасным грамадстве, дзе дамінуюць спажывецтва і пошук матэрыяльных дабротаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.