2011-12-15 12:27:57

Папа заклікае да вызвалення калумбійскіх заложнікаў


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI скіраваў тэлеграму на імя генаральнага сакратара калумбійскага епіскапата, арцыбікупа Хуана Вінсэнта Кардобы, у якой выказаў сваю блізкасць і запэўніў у малітве за тых людзей, якіх трымаюць у якасці закладнікаў выкрадальнікі, а таксама за вайскоўцаў і паліцэйскіх, якія працуюць для іх вызвалення. Папа адзначыў, што “Касцёл працягне ўзносіць да Бога малітвы і спрыяць іх вызваленню”. Праблема выкрадання людзей у Калумбіі застаецца вельмі вострай. З 1964 г. леварадыкальная тэрарыстычная групоўка “ФАРК”, якая кантралюе амаль 20% тэрыторыі краіны, праз захоп закладнікаў спрабуе ўплываць на ўрад і атрымліваць грашовыя сродкі.

У тэлеграме, адпраўленай за подпісам кардынала Дзяржсакратара Тарчызіо Бэртонэ, Святы Айцец “звяртаецца да Пана з просьбай аб навяртанні выкрадальнікаў, каб яны ўступілі на шлях дыялога і, такім чынам, наступіў мір, якога калумбійскі народ вельмі чакае”. Папа выказаў сваю блізкасць “усім сем’ям, якія знаходзяцца перад абліччам несправядлівасці, што нельга апраўдаць ніякімі палітычнымі ці грамадскімі матывамі”.

Папа ўдзяляе ўсяму калумбійскаму народу благаслаўленне суцяшэння і давярае заступніцтву Панны Марыі, Маці Надзеі, каб ён “з гераічнай адвагай перанёс цяжкія выпрабаванні сучаснасці”. Як адказ, на тэлеграму Папы, калумбійскія біскупы заклікалі ўсіх вернікаў і людзей добрай волі прысвяціць час перад Божым Нараджэннем малітве ў інтэнцыі вызвалення закладнікаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.