2011-12-15 15:41:35

Напружаны графік перадсвяточных мерапрыемстваў Бэнэдыкта XVI


RealAudioMP3 Папа Бэнэдыкт XVI яшчэ да Божага Нараджэння правядзе шэраг важных сустрэч і прыме ўдзел у некалькіх мерапрыемствах. У пятніцу ён сустрэнецца з экуменічнай дэлегацыяй з Украіны з нагоды адкрыцця святочнай ёлкі на плошчы св. Пятра. Яна прыбыла ў гэтым годзе ў Ватыкан з украінскага Закарпацця. У афіцыйную дэлегацыю ўвойдуць грэка-каталіцкі архіепіскап Святаслаў Шаўчук і рыма-каталіцкі арцыбіскуп Мечыслаў Макшыцкі. Украінскую Праваслаўную Царкву Маскоўскага Патрыярхату ў Рыме будзе прадстаўляць архіепіскап Аляксандр (Драбынка). Разам з вялікай ёлкай для ўпрыгожання ватыканскіх памяшканняў з Львоўскага рэгіёна прыбыло 40 ялінак меншага памеру.

У нядзелю, 18 снежня, адбудзецца візіт Папы ў турму “Рэбібія”. Святы ацец падчас сустрэчы адкажа на пытанні зняволеных. У гэтай турме пасля замаху на Яна Паўла ІІ у 1981 г. знаходзіўся Алі Агча.

22 снежня Бэнэдыкт XVI прыме на аўдыенцыі супрацоўнікаў Рымскай курыі, на ёй, як чакаецца, Святы Айцец зробіць агляд прайшоўшага году.

Св. Імша ў Вігілію Божага Нараджэння распачнецца 24 снежня, як і ў мінулым годзе, у 22.00 па рымскім часе. На наступны дзень у 12.00 Бэнэдыкт XVI удзеліць традыцыйнае благаслаўленне “Urbi et orbi” (Гораду і свету) з цэнтральнай лоджыі базылікі св. Пятра.

Заканчэнне году, 31 снежня, Пантыфік адзначыць урачыстымі нешпарамі ў ватыканскай базыліцы. Яны распачнуцца ў 17.00.







All the contents on this site are copyrighted ©.