2011-12-14 12:57:32

“Веру, ведаю, разумею”. Вазьміце шчыт веры (І)


RealAudioMP3 Мы працягваем разважанні аб “зброі святла” – духоўных прыладах, неабходных для эфектыўнай барацьбы з сіламі цемры, якія пастанна атакуюць наша сэрца. Нагадаю, што аб духоўнай “зброі” кажа ў 6 раздзеле паслання да Эфесцаў апостал Павел, а ў аналізе гэтага біблійнага фрагмента нам дапамагаюць катэхезы, падрыхтаваныя спецыяльна для нашага радыё італьянскім святаром, біблістам і вядомым катэхетам кс. Фабіо Росіні.

Ітак, у мінулых праграмах мы пазнаёміліся з прыладамі, неабходнымі кожнаму войну, які знаходзіцца на полі духоўнай бітвы, такімі як: “пас праўды”, “панцыр справядлівасці” і “абутак, якім з’яўляецца дабравешчанне спакою”. Далей св. Павел кажа: “а разам з тым вазьміце шчыт веры, якім зможаце пагасіць усе стрэлы злога”. Менавіта аб гэтым шчыце веры мы паразмаўляем сёння.

Варта падкрэсліць, што толькі ў выразе аб шчыце веры нам указваецца на тое, якім тыпам зброі валодае наш вораг, і ад чаго нам трэба будзе абараняцца падчас духоўнай барацьбы. Гаворка ідзе пра палаючыя стрэлы. Апостал Павел кажа, што шчытом веры мы зможам пагасіць усе стрэлы злога.

Яшчэ адзін важны момант, аб якім неабходна памятаць, гэта тое, што наша духоўная барацьба не з’яўляецца выключна бітвай, якая здараецца час ад часу. Не існуе у чалавечым жыцці месца, дзе б мы не ўдзельнічалі ў гэтай барацьбе. Хрыстус, хрысціянства, вера тычацца ўсяго, што існуе, і кожнай сітуацыі, якая здараецца ў нашых адносінах з іншымі і ў нашых асабістых выбарах. Хтосці можа падумаць: няўжо мне трэба заўсёды знаходзіцца ў стане ціску, напружання, бітвы? З пастаноўкай такога пытання, мы пытаемся аб праблеме, якая датычыць якасці нашага жыцця. Гэта значыць, нельга мець у жыцці такую пазіцыю, згодна з якой я буду, у большасці жыць добра, прыгожа, спакойна, але час ад часу буду дазваляць сабе раслабіцца і рабіць нешта дрэннае. Не! Жыць шляхетна і прыгожа трэба заўсёды і ў кожнай сітуацыі. Некаторыя думаюць: з верай буду адносіцца толькі да вялікіх, важных рэчаў, але што тычыцца дробязей, то можна і без яе. Памылка заключаецца менавіта тут. Нельга быць адносна адных рэчаў хрысціянінам, а адносна іншых агульным, аморфным індывідам, які не мае канкрэтных прынцыпаў ці, як прынята казаць, “унутранага стрыжня”. Апостал Павел нас заклікае заўсёды быць з шчытом веры ў руках, перад абліччам шматлікіх, нават самых малых, акалічнасцяў жыцця. Такі шчыт па-сапраўднаму напаўняе наша існаванне сэнсам і зместам, прыгажосцю і шляхетнасцю.

На тое, што наша бітва з’яўляецца пастаяннай указвае таксама св. Пётр, які ў сваім першым пасланні (1 Пт 4,12), гаворыць аб зброі веры, якая неабходна для барацьбы з агнём. Апостал кажа: “Умілаваныя, не дзівіцеся агню, які палае ў вас дзеля выпрабавання вашага, нібы здарылася з вамі нешта дзіўнае”. Ён падкрэслівае, што няма нічога дзіўнага ў выпрабаваннях. Канешне, нам заўсёды хочацца жыць спакойна, стабільна і не сустракацца з падобнымі рэчаміі, не ўдзельнічаць у ніякіх бітвах. Мы хочам, каб нашаму сужэнству нічога не пагражала, праца не ўяўляла сабой ніякіх цяжкасцяў, нашы адносіны з іншымі былі стабільнымі. Так не бывае. Наша жыццё заўсёды поўнае дынамікі. Няма таго месца, дзе б мы маглі схавацца ад усяго на свеце. У біблійных тэкстах вельмі часта падкрэсліваецца неабходнасць чування, бо спакойнага месца не існуе. Наша вера заўсёды задзейнічана ў барацьбе.

Ітак, я думаю становіцца зразумелым, што разважаючы аб шчыце веры, мы размаўляем аб канкрэтнай якасці жыцця, якая патрабуе вялікай увагі – здаровай, шчаслівай і жыццёванеабходнай, у якой мы павінны прабываць заўсёды.








All the contents on this site are copyrighted ©.