Генсек епіскапата Італіі: дапамога эмігрантам – уклад у агульначалавечы прагрэс
14 снежня 2011 г.
у Рыме адбыўся семінар, арганізаваны Папскай радай пастырства работнікаў сферы аховы
здароўя і фондам “Migrantes” італьянскай “Caritas”. На ім было агучана, што сёння
ў Італіі пражывае больш за 5 млн. асоб, прыбыўшых з-за мяжы, са 198 краін свету. Як
адзначалася на мерапрыемстве, магутнасць міграцыйных плыняў робіць неабходным аб’яднанне
намаганняў Касцёла і дзяржавы для інтэграцыі эмігрантаў ў заходнія дэмакратычныя грамадствы
і будаўніцтва агульнага дабра.
Сумленне вернікаў не можа быць абыякавым у
абліччы праблем людзей, якія апынуліся ў новых умовах, у пераходным становішчы. Хрысціяне
павінны браць на сябе адказнасць і клапаціцца аб іх, - падкрэслілі ўдзельнікі форуму.
На першы план былі вылучаны пытанні клопату аб здароўі мігрантаў, выстаўленых
на вялікія выпрабаванні. Выступленне біскупа Мар’яно Крочаты, генеральнага сакратара
Канферэнцыі Біскупаў Італіі, накіравала дыскусію ў рэчышча трох асноўных напрамкаў:
агульная даступнасць нацыянальных службаў аховы здароўя для эмігрантаў, клопат аб
псіхічным здароўі і ахова мацярынства.
Пытанне дапамогі церпячаму і гасціннасці
стаіць у самой аснове чалавечнасці і хрысціянскай веры, якая ўнесла вырашальны ўклад
у сучасную цывілізацыю, адзначыў іерарх. “Мы павінны навучыцца распазнаваць твар Хрыста
ў тых, хто пакутуе, уносіць персанальны ўклад у выкараненне няроўнасці, адзіноты і
пакінутасці. У гэтым плане наша пастырская апека становіцца ўкладам ў агульначалавечы
прагрэс,”- адзначыў біскуп Крочата. Толькі ўключаючы эмігрантаў у грамадства можна
паскорыць працэсы справядлівасці і сацыяльнай згоды, што з’яўляецца натуральным шляхам
евангелізацыі”,- адзначыў генеральны сакратар Канферэнцыі Біскупаў Італіі.