2011-12-13 10:02:34

“Веру, ведаю, разумею”. Абуць ногі ў гатовасць дабравесціць спакой


Мы працягваем размаўляць аб “зброі святла” – духоўных прыладах неабходных для барацьбы з сіламі цемры ці аб “зброі Божай, неабходнай, каб супрацьстаяць у дзень ліхі і, усё адолеўшы выстаяць”, як кажа апостал Павел у 6 раздзеле паслання да Эфесцаў. Нагадаю, што ў нашых разважаннях нам дапамагаюць катэхезы падрыхтаваныя кс. Фабіо Росіні – італьянскім святаром, біблістам і вядомым катэхетам.

У мінулых праграмах, мы пазнаёміліся з пасам праўды, які неабходны каб пачаць удзел у барацьбе праўдзіва гледзячы на сябе; панцырам справядлівасці, які неабходны, каб трымаць абароненымі жыццёва важныя часткі нашага ўнутранага я і адносіны з Богам. Сёння нашы разважанні будуць грунтавацца на фразе апостала Паўла, якой ён заклікае “абуць ногі ў гатовасць дабравесціць спакой”. На першы погляд гэта фраза падаецца дастаткова складанай, бо паўстае пытанне – што гэта за абутак, які называецца “гатовасцю дабравесціць спакой”? Паспрабуем разабрацца.

Пачнем ад пачатку – ад слоў абуць ногі. Нагадаю адразу, што наша размова тычыцца барацьбы, таму пры аналізе слоў святога неабходна памятаць аб вайсковым змесце слоў. Канешне, кожнаму салдату неабходны абутак. Адзначу яшчэ, што ў часы апостала Паўла, часта перад бітвай салдаты рассыпалі на полі бітвы маленькія цвічкі ці кавалкі вострага метала. Воіну праціўнікі было дастаткова стаць на адзін такі маленькі цвічок усім цяжарам свайго цела, каб стаць абсалютна бескарысным і нездольным прымаць удзел у барацьбе. Гэта была вельмі распаўсюджаная тэхніка вайны – падрыхтаваць поле бітвы з мэтай пазбавіць ворага здольнасці рухацца.

Калі мы размаўляем пра ногі, неабходна зразумець дзве важныя рэчы: ногі гэта стабільнасць і рух. І тут узнікае пытанне: калі мы разважаем аб фразе “абуць ногі” – маем на увазе неабходнасць мець фундамент, ці здольнасць рухацца? Адзначым, што абутак салдата – гэта вельмі важная рэч у бітве. Атрымаць ранненне ў нагу, часта для салдата становіцца большай праблемай чым быць параненым у цела, бо, паўтаруся, салдат, які губляе здольнасць рухацца становіцца бескарысным у бітве.

Іосіф Флавій, старажытнаяўрэйскі гісторык, пакінуў нам вельмі цікавыя апісанні вайсковых стратэгій старажытных грэкаў і рымлян. Ён адзначаў, што і ў войску Аляксандра Македонскага і Юлія Цэзара, салдацкія сандалі былі пакрыты цвікамі, як са знешняга боку, так і на падошве. Гэта давала з аднаго боку стабільнасць, а з іншага магчымасці нанесці большы ўрон праціўніку.

Давайце на хвілінку пакінем нашыя разважанні на вайсковую тэматыку і паглядзім што азначаюць сандалі ў Евангеллях. У Евангеллі паводле Марка сандалі з’яўялюцца прыладай евангелізацыі. У Дзеях Апосталаў падкрэсліваецца, што св. Пётр, калі вызваліўся з турмы, апрануў сандалі каб пайсці і працягваць евангелізацыйную місію.

Пасля слоў “абуйце ногі” апостал Павел указвае, што з’яўляецца абуткам: гатовасць дабравесціць супакой. Гатовасць, падрыхтаванасць – што гэта? Вельмі добра патлумачыць значэнне гэта слова можна прыпавесцю, аб доме збудаваным на скале. Той, што яго будаваў, быў гатовы да таго што падуе моцны вецер ці пойдуць дажджы – быў гатовы да атакі, але выстаяў бо быў гатовы да гэтага.

З усяго, што мы сказалі вышэй можна зрабіць вывад, што ідэя апостала Паўла заключаецца ў тым, што абуць ногі, у гэтыя тыповыя рымскія вайсковыя сандалі, якія даюць стабільнасць, але ў той жа час скіроўваюць нас да пэўнай актыўнасці – гатоўнасці прыняць удар.








All the contents on this site are copyrighted ©.